Колькасць ахвяр пажару ў Грэцыі працягвае расці

25 июля 2018

У Грэцыі сёння першы дзень жалобы. У спісе ахвяр пажараў - каля 80 чалавек, больш як 170 пацярпелі. У краіне ідуць пошукава-выратавальныя працы. Распаўсюджанню агню па хваёвых лясах спрыяў моцны вецер. Паўсюль - асмаленыя дрэвы і хмызнякі, разбураныя дамы, спапялёныя аўтамабілі. Многія жыхары прыморскіх пасёлкаў ратаваліся ад агню і дыму на мелкаводдзі. На жаль, многім не ўдалося. Бальніцы пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы. У сталічнай вобласці Атыка быў абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча.

Анастасія Калагаропулу, донар крыві: "Вельмі страшна назіраць за тым, што адбылося. Кожны дзень расце колькасць загінуўшых і прапаўшых без вестак. Я хачу дапамагчы пацярпелым хаця б тым, што здам кроў для пералівання".

Эфі Катраура, жыхарка г. Афіны: "Няма слоў апісаць сітуацыю. Я спадзяюся, што многія знікшыя знойдуцца".

Чакаецца, што колькасць ахвяр павялічыцца, бо шмат людзей лічацца прапаўшымі без вестак. Працэс ідэнтыфікацыі астанкаў ускладнены з-за таго, што многія целы цалкам асмаленыя. Дапамогу ў барацьбе з пажарамі аказваюць краіны Еўрасаюза - яны падалі абсталяванне для ліквідацыі агню.

Нагадаем, беларусы, якія апынуліся ў надзвычайнай сітуацыі ў Грэцыі, могуць звярнуцца ў пасольства нашай краіны ў Балгарыі. На гэты момант, паводле інфармацыі пасольства, зваротаў па дапамогу ад грамадзян Беларусі не паступала.