"Чорная пятніца" ў ЗША. Шапаголікі ў літаральным сэнсе гінуць за дысконт

25 ноября 2018

На гэтым тыдні быў дзень, калі пасрэднік у выглядзе нацэнкі знішчаецца як клас. А на іншым баку барыкады - шапаголікі, якія ў літаральным сэнсе гінуць за дысконт. У ЗША ажыятаж давёў да смерці пакупнікоў у Алабаме і Фларыдзе. Сама меней пяцёра замест зніжкі атрымалі кулю. Трое з іх загінулі. Статыстыка сцвярджае: за апошнія шэсць гадоў больш за дзесяць амерыканцаў сталі ахвярамі штурму прылаўкаў і звыш ста атрымалі цяжкія траўмы. Відэаролікі, на якіх адлюстраваныя кліенты, што ўрываюцца ў магазіны і разбураюць усё на сваім шляху, ператварыліся ў абавязковы атрыбут дня шалёных  зніжак.

Гавораць, такі ажыятаж бярэ пачатак яшчэ з XIX стагоддзя. Менавіта тады ў Амерыцы фірменныя магазіны раслі, як грыбы пасля дажджу. Каб перацягнуць пакупніка ад канкурэнта, аб'яўлялі буйны распродаж напрыканцы тыдня. Дарэчы, гэтая пятніца ў паліцэйскіх справаздачах так і называлася - "чорная". Што такое Black Friday па-амерыканску і па што амерыканцы ў прамым сэнсе гатовыя бегчы ў магазіны - з Нью-Ёрка Міхаіл Камадоўскі.

Thank you, "дзякуй" - сёння гэтыя словы ў Амерыцы немагчыма не пачуць. Краіна святкуе Дзень падзякі. Аналага гэтаму святу ў Еўропе няма. Некалі Дзень ураджаю ператварыўся ў традыцыю дзякаваць за ўсё, што ў цябе ёсць, і дзяліцца радасцю, эмоцыямі, пачастункамі. У Нью-Ёрку Thanksgiving пачынаецца з парада паветраных шароў.

На вуліцы лістапад, а значыць, для амерыканцаў надышоў час свят. Да Раства і Новага года засталося зусім мала часу.

Яшчэ нядаўна ўся краіна сядзела за святочнымі сталамі, ела індычку і па-сямейнаму спакойна адзначала Thanksgiving - Дзень падзякі. Спакою гэтага, як правіла, хапае толькі на адзін вечар. Ужо з раніцы натоўпы амерыканцаў абложваюць магазіны ў надзеі ўрваць упадабаную кофтачку або флагманскі смартфон за смешную цэну. Не перашкаджаюць ім ні холад, ні ранні час.

Дзеля тавару мары пакупнікі гатовыя не спаць, штурхацца ў чарзе і з апошніх сіл вырываць упакоўкі з рук канкурэнтаў. Black Friday - барацьба не за жыццё, а за тавары!

Тоўпіцца, крычаць і бегаць па магазінах амерыканцам не абавязкова: купіць тавары можна ў Інтэрнэце за такую ж цану або прыйсці купіць у ноч на "чорную пятніцу", калі натоўп яшчэ проста не прачнуўся. Але Black Friday не быў бы Black Friday, калі б не драйв і эмоцыі. Па іх, дарэчы, едуць з усяго свету!

У "чорную пятніцу" цэны на тавары падаюць на 40-50 %, а часам і на ўсе 90! Але ці выгадна магазінам аддаваць якасныя рэчы і дэвайсы па такіх нізкіх цэнах?

Хочаш - не хочаш, а ў "чорную пятніцу" рука так і цягнецца выкласці пару соцень долараў за тое, што яшчэ дзень таму купляць не хацеў. Маркетынг у дзеянні. А купляць амерыканцам трэба шмат: калядныя сюрпрызы і падарункі пад ёлку.