Брусель вяртаецца да жыцця пасля трагічных падзей чорнага аўторка

23 марта 2016

У краіне працягваецца жалоба па загінуўшых. Ахвярамі тэрактаў, паводле афіцыйных звестак, стаў 31 чалавек, не менш за 270 параненыя. Гэта грамадзяне сарака дзяржаў. Як паведамілі ў МЗС нашай краіны, беларусаў у спісах загінуўшых і пацярпелых няма. Тэракт асудзілі лідары многіх краін. Савет Бяспекі ААН падчас экстраннага пасяджэння заклікаў актывізаваць міжнародныя намаганні па барацьбе з тэрарызмам. Адказнасць за тэракты ўзялі на сябе баевікі "Ісламскай дзяржавы". Асобы двух смяротнікаў ужо змаглі высветліць. Яшчэ двух баевікоў, адзін з якіх забіты, пакуль высветліць не ўдалося. Гэтыя падзеі ў Бруселі сталі найбуйнейшай атакай у гісторыі краіны. На адной з цэнтральных плошчаў горада арганізавалі мемарыял: людзі прыносяць кветкі, запальваюць свечкі, пакідаюць пасланні на асфальце.

Другі дзень агульнанацыянальнай жалобы Бельгія сустракае хвілінай маўчання па загінуўшых у выніку крывавых атак.

Брусель не спаў усю мінулую ноч - у горадзе чутныя гукі сірэн, шум верталётаў, выбухі сапёраў. Для ўсіх астатніх жыхароў краіны гэта дні глыбокага смутку і малітваў.

Спецаперацыі працягваюцца ў розных раёнах Бруселя. Абясшкоджаная трэцяя бомба ў аэрапорце, узарваны сапёрамі падазроны аўтамабіль у цэнтры горада. У выніку маштабнага рэйду ў камуне Скарбек быў знойдзены флаг "Ісламскай дзяржавы", хімікаты і 15 кілаграмаў узрыўчаткі. Менавіта ў гэтай камуне тэрарысты з бомбамі ў чамаданах селі ў таксі. Праз лічаныя гадзіны вадзіцель убачыць фота сваіх пасажыраў па тэлевізары, пазнае ў іх тэрарыстаў і ўспомніць, што ў машыну трое мужчын пагрузілі не тры, як на фота, а больш чамаданаў. Спецслужбам гэта якраз і дапаможа знайсці ў аэрапорце трэцяе выбуховае прыстасаванне.

Ян Ямбон, міністр унутраных спраў Бельгіі: "Разгорнутыя ўчора аператыўныя пошукі даюць сур'ёзныя вынікі. Знойдзеныя важныя і цікавыя факты. Сёння мы працягваем працаваць на поўную сілу. Усе факты, дэталі, знаходкі будуць дбайна вывучаныя".

Двух смяротнікаў ідэнтыфікавалі як братоў Халіда і Брахіма Бакраўі. Паводле новай інфармацыі, Брахім падарваўся ў аэрапорце Завентэм, а Халід - у метро на станцыі "Маэльбек". Яшчэ двух баевікоў, адзін з якіх забіты, шукаюць. А вось высветленыя асобы з'яўляюцца фігурантамі па справе Салаха Абдэслама - галоўнага арганізатара лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы. Усяго па парыжскай справе праходзіць каля 30-ці чалавек. Але МУС Бельгіі прытрымліваецца версіі, што з арыштам Абдэслама ўчарашнія выбухі ў Бруселі напрамую не звязаныя. Баевікі не паспелі б праз тры дні пасля затрымання парыжскага тэрарыста падрыхтаваць такую серыю атак.

Фрэдэрык Ван Лёў, федэральны пракурор Бельгіі: "Мы вядзём расследаванне. На дадзеным этапе ў інтарэсах следства мы не выдаем падрабязнасцяў. Адрасы, па якіх праходзяць вобыскі, трымаюцца ў строгім сакрэце".

Галоўнае пытанне: як не дапусціць паўтарэння такіх трагедый? Еўракамісія разгледзіць магчымасць увядзення кантролю на ўваходзе ў аэрапорты. Падобныя правілы працуюць у маскоўскім аэрапорце Дамадзедава пасля тэракта 2011 года. Але станцыі метро такімі мерамі абараніць больш складана. Заўтра ў Бруселі пройдзе сустрэча міністраў унутраных спраў і юстыцыі краін Еўрасаюза. Барацьбе з тэрарызмам будзе прысвечаны і найбліжэйшы саміт ЕС.

Амерыканская аналітычная кампанія "Стратфар" апублікавала прагноз, у якім мяркуе, што шэраг краін Еўрасаюза ў найбліжэйшы час аб'явіць аб сур'ёзным узмацненні ўнутранай бяспекі, у самім ЕС умацуецца кансалідацыя па выдзяленні сіл на барацьбу з "Ісламскай дзяржавай", у краінах старога Захаду ўзмоцняцца нацыяналістычныя рухі.

У выніку найбуйнейшай тэрарыстычнай атакі ў гісторыі Бельгіі загінулі альбо пацярпелі грамадзяне больш як сарака дзяржаў. Боль і горыч трагедыі імгненна разнеслася па ўсім свеце.

Фархан Хак, намеснік афіцыйнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН: "Савет Бяспекі ААН асудзіў тэракты ў Бруселі і выказаў глыбокія спачуванні сем'ям загінуўшых, а таксама сваю салідарнасць з Бельгіяй у барацьбе з тэрарызмам. Ва ўмовах пагрозы, якая захоўваецца, члены Савета падкрэслілі неабходнасць актывізацыі рэгіянальных і міжнародных намаганняў па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізмам".

Францыск, Папа Рымскі: "З глыбокім смуткам у сэрцы я ўспрыняў вестку аб страшнай трагедыі ў Бруселі. Я малюся за ўсіх, хто спазнаў боль страты. Я зноў звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі: аб'ядноўвайцеся ў аднадушным асуджэнні і супрацьстаянні гэтай агіднай з'яве, якая выклікае смерці, жах, тэрор. Маліцеся і прасіце, каб Бог змяніў сэрцы людзей, якія прытрымліваюцца ідэй фундаменталізму. Просім заступніцтва Дзевы Марыі".

Філіп, кароль Бельгіі: "Наша краіна смуткуе. Для ўсіх нас дзень 22 сакавіка ніколі не застанецца ранейшым. Зламаныя жыцці. Глыбокія раны. Гэты боль адчувае ўся краіна. Мы выказваем спачуванні ўсім тым, хто страціў блізкіх і хто быў паранены ў выніку агідных і баязлівых нападаў. На гэтую пагрозу тэрарызму мы будзем працягваць адказваць разам з цвёрдасцю, спакоем і годнасцю, захоўваючы ўпэўненасць у сабе, якая з'яўляецца нашай сілай".

Як знак салідарнасці славутасці ў розных краінах свету афарбаваліся ў колеры бельгійскага флага.