Брытанскія медыкі распрацавалі новы метад лячэння рака - імунатэрапію

2 июня 2015

Дактары ўпэўненыя, што гэта пачатак новай эры ў барацьбе з цяжкім захворваннем. Сутнасць у тым, што арганізм чалавека вучыцца самастойна змагацца з ракавымі клеткамі і паступова знішчае пухліну. Уражваюць і першыя вынікі: шматлікія пацыенты, якім ужо вынеслі прысуд, прайшлі курс імунатэрапіі і вярнуліся да нармальнага жыцця.

Дэталі вывучыў Андрэй Нікалаенка. Імунатэрапія працуе па прынцыпе "ўсё геніяльнае - проста": імунная сістэма чалавека змагаецца з ракавымі клеткамі сама. Аднак для таго, каб наша цела пачало знішчаць пухліну, яго гэтаму трэба навучыць. Менавіта гэтую працу выконваюць спецыяльна распрацаваныя прэпараты. Яны дапамагаюць арганізму распазнаць рак і пачаць з ім змагацца.

Першай выпрабавальніцай метаду стала 61-гадовая брытанка Вікі Браўн, якой дактары ў 2013 годзе дыягнаставалі рак скуры. Жыць, паводле прагнозаў медыкаў, ёй заставалася некалькі месяцаў, аднак жанчына пагадзілася паўдзельнічаць у эксперыменце навукоўцаў. Праз некалькі тыдняў захворванне адступіла. Аднак пазней ракавыя клеткі з'яўляліся зноў, але з дапамогай імунатэрапіі таксама знікалі.

У праведзеным даследаванні прынялі ўдзел 950 пацыентаў з Вялікабрытаніі. Вынікі паказалі, што ў 60% з'явілася магчымасць кантраляваць пухліну альбо ж яна стала памяншацца. Некаторыя пацыенты, якія хварэлі на рак скуры, вылечыліся цалкам і вядуць нармальнае жыццё.

Пры гэтым імунатэрапія нашмат эфектыўнейшая за хіміятэрапію. Па-першае, у яе няма ніякіх негатыўных наступстваў, у той час як хіміятэрапія робіць пацыентаў успрымальнымі да інфекцый, у выніку чаго многія змушаныя спыніць лячэнне. Па-другое, хіміятэрапія аказваецца эфектыўнай толькі ў 25-50% выпадкаў, імунатэрапія будзе эфектыўнай, прынамсі, у паловы пацыентаў, спадзяюцца навукоўцы. Пакуль што на шляху масавага ўкаранення такой тэрапіі ляжыць шэраг праблем, сярод якіх пабочныя сімптомы накшталт высыпанняў на скуры і павышанай стомленасці пацыентаў. Да таго ж курс лячэння на год каштуе нятанна - 140 000 долараў. Медыкі цвёрда хочуць дамагчыся скарэйшага ўкаранення новай тэрапіі, бо за год меланома забірае жыцці больш як дзвюх тысяч брытанцаў.