Брытанская паліцыя завяршыла працэдуру апазнання трох тэрарыстаў

5 июня 2017

Брытанская паліцыя завяршыла працэдуру апазнання трох тэрарыстаў, якія ўчынілі ў суботу нападзенне на Лонданскім мосце.

Як паведаміла сёння прэм'ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй на пасяджэнні надзвычайнага ўрадавага камітэта "Кобра", іх імёны назавуць пазней, калі следства дазволіць гэта зрабіць. Паводле звестак Скотланд-Ярда, выканаўцы дзейнічалі самастойна, аднак правяраюцца ўсе кантакты падазроных.

Тэрэза Мэй, Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі:

"На дадзены момант арыштаваны 11 падазроных. Незалежны тэрарыстычны аналітычны цэнтр пацвярджае, што нацыянальны ўзровень пагрозы застаецца "сур'ёзным". Гэта азначае павышаную імавернасць новай тэрарыстычнай атакі. Паліцыя паведаміла аб дадатковых мерах бяспекі. Узмоцнена ахова мастоў у Лондане. Працягваецца праца па ідэнтыфікацыі ўсіх, хто быў трагічна забіты або паранены ў суботу ноччу".

Нагадаем, позна вечарам 3 чэрвеня тэрарысты на аўтамабілі ўчынілі наезд на пешаходаў у Лондане, а затым накінуліся на іх з нажамі. 7 чалавек загінулі, каля паўсотні шпіталізаваны. Заўтра ў Вялікабрытаніі - дзень нацыянальнай жалобы. Ва ўсім Каралеўстве аб’явяць хвіліну маўчання, будуць прыспушчаны дзяржаўныя флагі.