Бразілія пагрузілася ў трохдзённую агульнанацыянальную жалобу

28 января 2013
Гэтая вечарынка апынулася апошняй для 230-ці чалавек, большасць з якіх былі яшчэ падлеткамі. А трагедыя стала самай буйной у краіне за апошнія паўстагоддзя. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіраваў спачуванні прэзідэнту Бразіліі і народу гэтай краіны ў сувязі са шматлікімі чалавечымі ахвярамі. 

120 мужчын і 113 жанчын, страшныя лічбы могуць быць не канчатковымі. У бальніцах застаюцца больш як 100 пацярпелых, асноўны дыягназ - наймацнейшыя апёкі і інтаксікацыя.
Пажар у клубе Кіс пачаўся каля дзвюх гадзін ночы па мясцовым часе. Музыканты вырашылі разнастаіць выступленне піратэхнікай. Ад іскр узгарэўся сцяг, затым агонь перакінуўся на гукаізаляцыю. Памяшканне, у якім знаходзіліся больш як тысяча гасцей, хутка напоўнілася з'едлівым дымам. Магчымасць выбрацца з падпаленай залы была мінімальнай - у клубе адзіны выхад! І замест брандспойтаў пажарнікі выкарыстоўвалі кувалды і адбойныя малаткі. Прыйшлося прабіваць сцяну, каб выслабаніць людзей са смяротнага палону, але пашанцавала далёка не ўсім. Гора гэтых людзей адгукнулася болем па ўсім свеце. Удзельнікі саміту дзяржаў Еўрасаюза і Супольнасці краін Лацінскай Амерыкі ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Прэзідэнт Бразіліі перапыніла візіт у Чылі.
Трагедыя стала жалобай для ўсіх лацінаамерыканскіх краін. Загінулі і пацярпелі сотні зусім маладых людзей. У самой Санта-Марыі аб'яўлена 30 дзён глыбокай жалобы. Мясцовая спартзала часова пераўтворана ў морг - гарадскі не можа прыняць такую колькасць цел.
І як стала вядома, уладальнік начнога клуба, дзе адбылася трагедыя, арыштаваны. Затрыманыя і двое музыкантаў, якія зрабілі вогненнае шоу.