Барыс Нямцоў расстраляны мінулай ноччу ў цэнтры Масквы

28 февраля 2015

Злачынец выпусціў некалькі куль, 4 з якіх трапілі ў апазіцыянера. Нямцоў забіты на месцы.

 

Расказвае  Максім Кароткін.

Забойства адбылося за некалькі хвілін да паўночы на Вялікім Маскварэцкім мосце. Гэта літаральна за сотню-другую метраў ад Крамля. Мост пераходзіць у Васільеўскі спуск, адразу за якім пачынаецца Красная плошча. Нямцоў са спадарожніцай выйшаў з будынка ГУМа, прайшоў паблізу храма Васіля Блажэннага і паспеў зрабіць некалькі крокаў па мосце, пасля чаго раздаліся выстралы.

 

Следства ўжо ўстанавіла, што ўсяго выстралаў было 7-8. 4 кулі трапілі ў палітыка. Ён загінуў на месцы. Паведамляецца, што акрамя дзяўчыны, з якой гуляў Нямцоў, у злачынства былі і іншыя відавочцы. Яны далі паказанні, з якіх  стала вядома, што ўслед за Нямцовым на мост заехаў аўтамабіль белага колеру. З яго быў адкрыты агонь, як мяркуецца, з пісталета сістэмы Макарава. На месцы здарэння знойдзена 6 гільз 9-міліметровага калібра, прычым характэрна, што магазін быў сфарміраваны з гільз рознага вытворцы. Пошукі злачынца пачаліся адразу. У Маскве быў аб'яўлены план "Перахват", але вынікаў ён не даў. Прадстаўнік Следчага камітэта Расіі заявіў, што ў спецыялістаў ведамства не выклікае сумненняў дэталёвае планаванне злачынства. Крымінальная справа ўзбуджана па 2 артыкулах -  "Забойства" і "Незаконны абарот зброі". Як паведамляюць у ведамстве, камітэт зараз разглядае шмат версій. Адпрацоўваюцца версіі як палітычныя, так і бытавыя. Не выключаецца і заказное забойства.  Спецыялісты працуюць над дэталізацыяй усіх тэлефонных злучэнняў непасрэдна да і ў момант злачынства, у прывязцы да месца яго ўчынення вывучаюцца запісы камер відэаназірання па ўсім маршруце Барыса Нямцова.

Тыя, хто хоча ўшанаваць памяць загінуўшага, сёння прыносяць кветкі на месца забойства. Побач з кветкамі тут можна ўбачыць абразы і свечкі.

Расследаванне злачынства ўзялі пад свой кантроль кіраўнікі МУС і Следчага камітэта. Сёння ж стала вядома, што Барыс Нямцоў будзе пахаваны ў Маскве. Час і месца пахавання вызначаць яго сваякі.