Вялікі калядны фестываль прыйшоў у расійскую сталіцу

29 декабря 2016

Жыхарам Масквы і шматлікім турыстам  прапануюць акунуцца ў атмасферу бясконцых карнавалаў. Тут забавы на любы густ. Можна пракаціцца са 100-метровай ледзяной горкі, сагрэцца глінтвейнам, напісаць свае мары на "дрэве жаданняў", убачыць самую вялікую ў свеце ёлачную цацку. Святочным настроем зарадзілася і Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Каханне, здароўе, цікавая праца і мірнае неба над галавой - загадваць жаданні напярэдадні Новага года ўжо стала добрай традыцыяй. Трэба толькі паспець напісаць яго на чароўнай стужцы і павесіць на дрэва жаданняў, і яно абавязкова спраўдзіцца.

К Новаму году Масква рыхтуецца, як маладая паненка да выхаду ў свет. Уся ззяе агнямі, здзіўляе маляўнічым убраннем і ап’яняе гасцей пахам святочнага глінтвейна.

А тых, хто любіць напоі больш моцныя, частуюць духмянай чорнай кавай. Брутальны качагар рыхтуе яе па асаблівым рэцэпце: на вуглях ад лакаматыва, пад мікс цяжкага рока і рускай балалайкі.

Зіма выдалася снежная і марозная - таму ў трэндзе валёнкі. Гэты абутак з'явіўся больш за 300 гадоў таму і не страчвае сваёй папулярнасці і сёння. Ідэальны падарунак пад навагоднюю ёлку.

Ёлачная цацка ўжо паспела трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як самая вялікая святлодыёдная скульптура ў свеце. Дыяметр шара 17 метраў, а асвятляюць яго больш за 23 тысячы лямпачак. Пакуль самы вялікі шар у свеце маўчыць, але бліжэй да навагодніх свят ён будзе выконваць вядомыя навагоднія хіты, а ўнутры арганізуюць танцавальную падлогу.

Адправіцца ў навагоднюю казку можна будзе да 8 студзеня. Вулічныя спектаклі, карнавалы, кулінарныя майстар-класы, каткі і ледзяныя горкі - забавы на любы густ.