Блакада Данбаса - ключавая тэма перамоў трохбаковай кантактнай групы

15 марта 2017

Блакада Данбаса стала ключавой тэмай перамоў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Раней афіцыйны Кіеў прыняў рашэнне перакрыць усе аўтадарогі і чыгуначныя пуці ў Данбас. Рашэнне ўступіла ў сілу сёння ў сувязі з нібыта захопам украінскіх прадпрыемстваў і абвастрэннем сітуацыі на паўднёвым усходзе. Удзельнікі перамоў на мінскай пляцоўцы выяўляюць моцную занепакоенасць пагаршэннем становішча ў рэгіёне.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе:

"Хачу выказаць асабістае расчараванне і занепакоенасць сітуацыяй, якая не спрыяе поспеху мінскага працэсу, а наадварот, узмацняе напружанасць паміж бакамі і ўносіць адмоўны эфект у працэс узаемнага збліжэння і супрацоўніцтва. Гэтае небяспечнае развіццё падзей трэба спыніць. Спадзяюся, знойдуцца спосабы і метады, каб выправіць гэтую сітуацыю".

Марцін Сайдзік таксама выказаў занепакоенасць у сувязі з пытаннем бяспекі назіральнікаў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Данбасе. А таксама адзначыў, што ёсць абмежаванні ў свабодзе перамяшчэння членаў місіі.