Беспарадкі ў Егіпце пагражаюць банкруцтвам расійскім тураператарам

16 августа 2013

З такімі загалоўкамі выйшлі сёння раніцай СМІ Расіі. Паводле адзнак Асацыяцыі тураператараў, калі надзвычайнае становішча ў Егіпце прадоўжыцца яшчэ месяц, фірмы страцяць дзясяткі мільёнаў еўра. Ужо з сённяшняга дня аператары спыняюць прадаваць туры на Чырвонае мора.

Максім Кароткін падрабязна.


Рэкамендацыя тураператарам не прадаваць пуцёўкі ў Егіпет на сайце Растурызму з'явілася ўчора каля 10 вечара. І з сённяшняга дня фірмы спыняюць рэалізацыю тураў на гэтым кірунку. І хоць Растурызм не можа дырэктыўна, што называецца, закрыць краіну, аператары сёння пацвердзілі, што будуць разглядаць гэтую рэкамендацыю як прамую забарону на продаж тураў.


Яшчэ напярэдадні такая сітуацыя нават не разглядалася. Толькі ўчора Растурызм правёў вялікую нараду з Асацыяцыяй тураператараў, дзе настолькі востра пытанне не стаяла. Аднак, як гавораць у МЗС Расіі, сітуацыя ў Егіпце змяняецца кожную гадзіну, было вырашана абмежаваць паток турыстаў на курорты Чырвонага мора.


Зараз у Егіпце знаходзяцца да 55 тысяч расіянаў, гэта не лічачы грамадзян Расіі, якія там пражываюць пастаянна. Сёння раніцай на курорты вылецелі як мінімум 3 самалёты з адпачывальнікамі, тураператары імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб вярнуць з аэрапортаў тых, хто яшчэ не паспеў паляцець.


Паводле інфармацыі тураператараў, да канца жніўня расіяне забраніравалі пуцёвак прыкладна на 35 мільёнаў долараў. І калі іх не ўдасца перакінуць на іншыя кірункі, фірмы будуць вымушаныя вярнуць гэтыя грошы. Што, імаверна, моцна адаб'ецца на фінансавым стане сярэдніх і дробных кампаній. Не выключана, што некаторыя з іх абанкруцяцца. Разам з тым у Растурызме гавораць, што аператараў аб такім развіцці падзей папярэджвалі загадзя.


Зрэшты, праблемы могуць узнікнуць і ў буйных аператараў. Самалёты ў Егіпет ужо забраніраваныя і цалкам імаверна, што гэта ляжа дадатковым фінансавым грузам на заказчыка.


Сітуацыя на егіпецкіх курортах тым часам не паляпшаецца. Напярэдадні беспарадкі дакаціліся да курортаў. У сутыкненні ў Хургадзе загінуў чалавек. У гэтай сувязі турыстаў просяць не пакідаць тэрыторыю гатэляў. Усе экскурсіі адмененыя.


Аператарам зараз прапаноўваюць, па сутнасці, адзін выхад - угаварыць кліентаў, якія заплацілі грошы, ляцець не ў Егіпет, а ў іншыя краіны. Калі надзвычайнае становішча ў Афрыцы прадоўжыцца яшчэ хоць бы месяц, фірмы могуць недалічыцца да 100 мільёнаў еўра прыбытку.


Расійскія турысты, ва ўсялякім разе, пакуль не настроеныя пакідаць егіпецкія курорты. Па стане на ўчарашні вечар з жаданнем пакінуць краіну звярнуліся да 10 чалавек. Усе яны будуць вывезеныя з Егіпта найбліжэйшымі рэйсамі.