Беларускі спецназ прыме ўдзел у парадзе Перамогі на Краснай плошчы

7 мая 2015

Беларускі спецназ прыме ўдзел у парадзе Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. У расійскую сталіцу адправіўся парадны разлік 5 мабільнай брыгады ў складзе 75 чалавек. Сёння беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у генеральнай рэпетыцыі парада. Таксама 9 Мая ў Маскве будуць прысутнічаць і 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай з Беларусі.

Як будзе выглядаць урачыстасць, даведаўся Максім Кароткін. 70-ы парад у гонар Перамогі ў Маскве пастараліся зрабіць самым маштабным за ўсю гісторыю. Толькі ў пешым страі па Краснай плошчы пройдуць больш за 15 тысяч салдат і афіцэраў. Традыцыйна адкрывае мерапрыемства сцягавая група: штандары 10 франтоў па стане на май 45-га і некалькі дзясяткаў сцягоў самых заслужаных часцей і злучэнняў. Разам з расіянамі па брусчатцы ля Крамлёўскай сцяны ідуць і 10 парадных разлікаў, якія прадстаўляюць замежныя дзяржавы.

Рэпетыцыя парада - практычна 100-працэнтная копія ўрачыстасці, якая пройдзе тут паслязаўтра. Прысутнічаюць усе ўдзельнікі за выключэннем галоўнакамандуючага. Зрэшты, яго выступленне сёння таксама рэпеціравалі. У парад была ўстаўлена дакладна адхранаметраваная паўза. У поўнай меры была прадэманстравана на рэпетыцыі і тэхніка.

Адметнасцю парада абяцае стаць распрацоўка расійскіх збройнікаў - новы танк "Армата". Яго рассакрэцілі зусім нядаўна. Чахол з танка знялі толькі некалькі дзён таму, падчас начной рэпетыцыі і сёння "Армата" выйшла ў свет.

Па сутнасці, "Армата" - гэта гусенічная платформа, на базе якой распрацоўваецца адразу некалькі адзінак тэхнікі. Што тычыцца танка, то адно з новаўвядзенняў - адсутнасць людзей у вежы. Яна кіруецца аўтаномна, а экіпаж знаходзіцца ў спецыяльнай браніраванай капсуле.

Увесь парад займае гадзіну з невялікім, тэхніка праходзіць плошчу прыкладна за 10 хвілін, яшчэ 5 з невялікім адведзена на пралёт самалётаў. Акрамя гэтага, 9 Мая ў Маскве запланаваны цэлы шэраг урачыстых мерапрыемстваў, удзел у якіх прымуць і 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай з Беларусі.