Беларускіх грамадзян сярод пацярпелых у Парыжы няма. Моцны выбух адбыўся з-за ўцечкі газу

12 января 2019

Моцны выбух у самым цэнтры Парыжа. Раненні атрымалі сама меней 20 чалавек. Паводле звестак крызіснага цэнтра МЗС Францыі, беларускіх грамадзян сярод пацярпелых няма.

Папярэдняя прычына здарэння - уцечка газу. Выбух прагрымеў у булачнай на першым паверсе будынка на вуглу вуліцы Трэвіз. Памяшканне імгненна ахапіла полымя. На шчасце, суботняй раніцай пякарня не працавала. Аднак выбух быў такой сілы, што магутнай хваляй павыбіла шыбы ў суседніх будынках. На месца здарэння прыбылі выратавальныя службы і пажарныя брыгады. Сярод параненых, дарэчы, трое пажарных, якія змагаліся з агнём. Усіх пацярпелых зараз даставілі ў шпіталь, некалькі чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане, двое - у крытычным.

Крыстоф Кастанер, Міністр унутраных спраў Францыі:

"Прэм'ер-міністр, мэр Парыжа і мэр вобласці ўжо прыбылі на месца трагедыі. Зараз тут працуюць пажарныя і ратавальнікі. Усталяваны перыметр бяспекі. Зараз няма рызыкі яшчэ адной аварыі, але пад заваламі могуць знаходзіцца людзі, таму мы таксама працягваем пошукавыя работы".

Паведамляецца, што выбух не мае ніякага дачынення да пратэстаў "жоўтых камізэлек", якія ў гэтую суботу чарговы раз праходзяць у Парыжы. Масавае шэсце ўжо стартавала ад будынка Міністэрства эканомікі і фінансаў. Яшчэ да яго пачатку паліцыя паспела арыштаваць больш за 20 чалавек. Па ўсёй краіне мабілізаваныя каля 80 тысяч супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у тым ліку 5 тысяч жандараў у самім Парыжы.