Беларускія весляры пройдуць падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў у Бразіліі на ўзроўні ДНК

18 февраля 2013
Для кожнага спартсмена будзе распрацаваная свая методыка заняткаў, прычым на дапамогу трэнеру прыйдзе навука. 
Аддаць часціцу сябе, каб даведацца пра сябе ўсё. На гэты эксперымент пагодзіцца не кожны. У гэтай лабараторыі могуць раскласці па генах і на ўзроўні ДНК вынесці заключэнне. Зараз я падпісваю сваю згоду на ўдзел у даследчым эксперыменце. Праз некаторы час у мяне возьмуць аналіз на ДНК, і потым мы даведаемся ці схільны я да атлусцення або, напрыклад, захворвання сэрца.
Валодаць такой лабараторыяй мараць лепшыя еўрапейскія ўніверсітэты. Палескі дзяржаўны ўжо не марыць, а ва ўсю займаецца ўнікальнымі даследаваннямі ў галіне генетыкі, біяхіміі і імуналогіі. Тут няма адбою ад спартсменаў і іх трэнераў. Беларускія весляры, расійскія хакеісты - усе жадаюць ведаць, што напісана ў іх на родзе і як забрацца на алімп, выкарыстоўваючы апошнія дасягненні навукі. А ўсяго-та і трэба - здаць аналіз на ДНК.
Дарэчы, ужо гэтай вясной набор у мясцовае вучылішча алімпійскага рэзерву пройдзе па новых правілах. Акрамя балаў па спартыўных паказчыках, падлічаць і балы, атрыманыя на генетычным узроўні. Прычым апошнія сыграюць вырашальную ролю ў залічэнні.
Сёлета на базе Палескага ўніверсітэта з'явіцца цэнтр вяслярных і водных відаў спорту. Тут будуць рыхтаваць спартсменаў для маючай адбыцца летняй Алімпіяды ў Бразіліі. Праўда, не толькі ў спорце рэч, гавораць у лабараторыі. Бо, пралічыўшы колькасць генаў, можна канчаткова закрыць пытанне ў выбары будучай прафесіі і стаць, напрыклад, добрым шафёрам або вядомым хірургам.