Бельгійскія праваахоўнікі шукаюць трэцяга падазронага ва ўчыненні тэракта ў брусельскім аэрапорце. Яго фота ўжо апублікавана ўсімі мясцовымі СМІ. У рамках расследавання праводзяцца вобыскі, дапытваюцца сведкі. Паводле непацверджанай інфармацыі, па гэтай справе ўжо затрыманыя некалькі чалавек. Раней стала вядома, што паліцыі атрымалася абясшкодзіць у авіягавані трэцюю бомбу, якая не ўзарвалася. Інфармацыю пра тое, што ўзрыўчаткі на месцы трагедыі магло быць больш, вартавыя парадку атрымалі дзякуючы таксісту, які падвозіў тэрарыстаў. Сёння ў Бельгіі другі дзень жалобы. Мясцовыя ўлады працягваюць атрымліваць спачуванні з усяго свету.
Філіп, кароль Бельгіі: "Наша краіна смуткуе. Для ўсіх нас дзень 22 сакавіка ніколі не стане ранейшым. Зламаныя жыцці. Глыбокія раны. Гэты боль адчувае ўся краіна. Мы выказваем спачуванні ўсім тым, хто страціў блізкіх і хто быў паранены ў выніку агідных і баязлівых нападаў. На гэтую пагрозу тэрарызму мы будзем працягваць адказваць разам, з цвёрдасцю, спакоем і годнасцю, захоўваючы ўпэўненасць у сабе, якая з'яўляецца нашай сілай".
У выніку серыі выбухаў у брусельскім аэрапорце і метро загінулі 34 чалавекі. Яшчэ больш як 150 атрымалі раненні. Пасля здарэння ў Бельгіі краіны адна за адной павысілі меры бяспекі. У аэрапортах, на вакзалах і на межах увялі дадатковы кантроль. Дзярждэпартамент ЗША, каб засцерагчы сваіх грамадзян, заклікаў амерыканцаў наогул устрымацца ад паездак у Еўропу. У знешнепалітычным ведамстве Злучаных Штатаў упэўненыя, што баевікі працягнуць і далей планаваць атакі ў Еўропе.













