У Бельгіі новы кароль

21 июля 2013
Сёння ў будынку федэральнага парламента ў Бруселі спадчынны прынц Філіп прынёс прысягу на вернасць Канстытуцыі і народу. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў караля Філіпа з уступленнем на прастол. Упершыню ў гісторыі бельгійскай дзяржавы манарх адрокся ад прастола. Свой намер пакінуць трон 79-гадовы Альберт II абгрунтаваў дрэнным здароўем.

У пытаннях, чаго чакаць грамадзянам і краіне ад такой знамянальнай падзеі, разбіраўся наш карэспандэнт Вадзім Марцішэўскі.

Сёння ў дзень галоўнага нацыянальнага свята ў Бельгіі праходзіць адрачэнне ад прастола караля Альберта II і перадача ўлады сыну - спадчыннаму прынцу Філіпу. Аб сваім адрачэнні 79-гадовы манарх заявіў яшчэ ў пачатку месяца. Гэта першы выпадак у гісторыі Бельгіі, калі манарх добраахвотна адмаўляецца ад улады. Як растлумачыў Альберт II, ён рашыўся на такі адказны крок па некалькіх прычынах - з-за сталага ўзросту і праблем са здароўем, якія перашкаджаюць яму эфектыўна выконваць абавязкі.
Людзі падтрымалі свайго караля ў яго рашэнні.

Альберт II, шосты кароль Бельгіі: Сёння мяне перапаўняюць эмоцыі. Я апошні раз звяртаюся да вас як кароль. Вы спытаецеся ў мяне ў момант сыходу, чаго ж я хачу для нашай будучыні? Я хачу, каб Бельгія заставалася адзінай.

Нягледзячы на глыбокі крызіс у адносінах паміж франкамоўнай Валоніяй і нідэрландскамоўнай Фландрыяй кароль лічыцца агульнапрызнаным галоўным і бесстароннім пасрэднікам, які нярэдка выключна за кошт асабістага аўтарытэту забяспечвае зыбкае суіснаванне гэтых супольнасцяў. Альберт II, звяртаючыся да бельгійцаў, папрасіў іх верыць у Еўропу, нягледзячы эканамічны крызіс, а таксама заклікаў кіраўніцтва Еўрасаюза прымаць дадатковыя меры для стварэння рабочых месцаў.

У будучым годзе ў Бельгіі пройдуць чарговыя парламенцкія выбары, і назіральнікі чакаюць новага абвастрэння супярэчнасцяў паміж Валоніяй і Фландрыяй, як гэта было пасля кожных выбараў на працягу апошніх васьмі гадоў.

І вось зараз, калі каралеўская эстафета пераходзіць да яго сына, мірыць палітыкаў Фландрыі і Валоніі пасля парламенцкіх выбараў, магчыма, прыйдзецца ўжо Філіпу.