Сёння аэрапорт Сіднея прыняў першыя за 590 дзён рэгулярныя міжнародныя пасажырскія рэйсы. Першыя рэйсы прыбылі з Сінгапура і Лос-Анджэлеса. Пасля прылёту многія абдымаліся і плакалі ад шчасця - з-за зачыненых меж яны месяцамі не маглі ўбачыцца з роднымі.
Сістэмы аховы здароўя не спраўляюцца з нагрузкай
У Еўропе пакуль здымаць абмежаванні не спяшаюцца - у многіх краінах сістэмы аховы здароўя перагружаны. Імкліва расце колькасць захворванняў у Італіі. Балгарыя заявіла, што перажывае наймацнейшую хвалю з пачатку пандэміі, у аддзяленнях рэанімацыі не засталося месцаў.
Кіеў на каранціне
Складанай застаецца эпідсітуацыя ва Украіне. Найбольшая колькасць новых выпадкаў - у Адэскай, Харкаўскай, Львоўскай і Запарожскай абласцях. У Кіеве ўведзены каранцін, зачынены ўсе грамадскія месцы. Да пунктаў вакцынацыі ва ўкраінскай сталіцы выстройваюцца доўгія чэргі.
У Латвіі не хапае апаратаў ШВЛ
У Латвіі ў бальніцах ужо не могуць падключаць да апаратаў ШВЛ усіх пацыентаў - заражаныя з высокай верагоднасцю памерці і з хранічнымі захворваннямі пазбаўляюцца такой магчымасці.













