Авіякатастрофа ў Іране. Папярэдняя прычына - узгаранне рухавіка адразу пасля ўзлёту

8 января 2020
Усё больш авіякампаній пазбягаюць палётаў над тэрыторыяй Ірака, Ірана і Персідскага заліва. Сёння раніцай там пацярпеў крушэнне ўкраінскі лайнер. Ніхто з каля 180 чалавек не выжыў. На борце ляцелі ў Кіеў грамадзяне Украіны, Ірана, Вялікабрытаніі, Канады, Швецыі і Афганістана. 

Хасейн Ахмадзадэ, начальнік аддзела пажарнай аховы г. Рабаткарым (Іран): "Самалёт, які разбіўся, праляцеў уздоўж зямлі каля 500 метраў. На шчасце, ён не разбіўся ў жылым раёне, але абломкі самалёта раскіданыя па садах і вілах у межах вялікага радыусу. Ніхто не выжыў. Усе пасажыры загінулі".

Генпракуратура Украіны завяла крымінальную справу. На месцы трагедыі ўжо знойдзеныя дзве чорныя скрыні. Папярэдняя прычына - узгаранне рухавіка адразу пасля ўзлёту.