Атака ў Кабуле выклікала ўсеагульнае абурэнне і асуджэнне

31 мая 2017

90 загінуўшых і 380 параненых - такія сумныя вынікі тэракта ў цэнтры Кабула. Выбухі грукочуць тут нярэдка, але настолькі магутная атака - у святы для мусульман месяц Рамадан - выклікала ўсеагульнае абурэнне і асуджэнне. Смяротнік падарваў аўтацыстэрну для перавозу вады. Акрамя пасольства Германіі, у дадзеным раёне знаходзіцца некалькі іншых важных аб'ектаў, офісаў і дыпмісій, таму назваць дакладную мэту тэракта не бярэцца ніхто.

Лізавета Казакова расказвае. Выбух прагрымеў у 8:30 па мясцовым часе (7 раніцы па Мінску). МУС Афганістана паведаміла, што бомбу, закладзеную ў аўтацыстэрне для перавозкі вады, прывёў у дзеянне смяротнік. Гэта адбылося ў раёне дыпламатычнага квартала і плошчы Занбаг. Дакладная мэта тэрарыстаў невядомая: эпіцэнтр выбуху знаходзіўся побач з пасольствам ФРГ у Кабуле і будынкам тэлекамунікацыйнай кампаніі Roshan. Там жа размешчаны пасольствы Японіі, Ірана і Індыі. А непадалёк знаходзіцца Нацыянальнае ўпраўленне бяспекі краіны.

На месцы выбуху ўтварылася варонка глыбінёй 15 метраў. Пацярпелі будынкі ў радыусе сотняў метраў. У шматлікіх выбіты дзверы і вокны. Знішчаны дзясяткі транспартных сродкаў. Над цэнтрам Кабула падняўся вялізны слуп дыму.

Гюль Ахмад Айоб, кіраўнік клінікі Вазір Акбар Хан: "На жаль, у нас два смяротныя выпадкі. Усяго ў бальніцу Акбар-Хан даставілі парадку 90 параненых. Слава Алаху, большасць з іх у нармальным стане".

І ўсёж медыкі мяркуюць, што лік ахвяраў магутнай тэрарыстычнай атакі можа ўзрасці: пацярпелыя дастаўленыя ў бальніцы горада, шматлікія - у цяжкім стане, сярод іх ёсць жанчыны і дзеці. Партал Erem News са спасылкай на іранскія СМІ піша, што адным з пацярпелых стаў пасол Ірана ў Афганістане. Ён атрымаў сур'ёзныя раненні. У экстраннай заяве прэзідэнта Афганістана гаворыцца:

Ашраф Гані, прэзідэнт Афганістана: "Тэрарысты нават у святы месяц Рамадан, месяц дабрыні, блаславення і малітвы, не перастаюць забіваць нявінных людзей".

З рэзкім асуджэннем акта тэрарызму і словамі падтрымкі сваякам загінуўшых выступіў кіраўнік МЗС Германіі.

Зігмар Габрыэль, міністр замежных спраў Германіі: "Гэта жахлівы напад у Кабуле! У непасрэднай блізкасці ад нямецкага пасольства, неверагодна шмат загінуўшых і параненых. Усе ахвяры - афганскія грамадзяне, большасць цывільныя асобы, ні ў чым невінаватыя людзі. Параненыя ёсць і сярод супрацоўнікаў нашага пасольства, праўда, яны пацярпелі не вельмі сур'ёзна. Загінулі супрацоўнікі афганскіх служб бяспекі, якія ахоўвалі пасольства. Мы спрабуем падтрымаць сваякоў. Вось чарговае пацверджанне, што тэрарысты накіроўваюць атакі і на прадстаўнікоў Захаду, і на сваё мірнае насельніцтва".

Ваенныя эксперты папярэджваюць аб нарастаючай небяспецы для замежных і афганскіх сіл правапарадку, бо больш за трэць краіны знаходзіцца па-за дзяржаўным кантролем. Экстрэмісцкі рух "Талібан" заявіў аб сваёй недатычнасці да тэракта. Але, як і чакалася, адказнасць за вылазку ўзяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава", злачынная ідэалогія якой выстройваецца на крывавай прапагандзе і запалохваннях па ўсім свеце.