Арсеній Яцанюк заявіў пра гатоўнасць перадаць паўнамоцтвы рэгіёнам

18 Красавіка 2014
Зараз Украіна, дзе падзеі працягваюць развівацца імкліва, хоць пасля сустрэчы ў Жэневе захоўваецца надзея на пазітыўныя змены… З сённяшніх навін. На пасяджэнні Вярхоўнай рады Арсеній Яцанюк заявіў пра гатоўнасць перадаць паўнамоцтвы рэгіёнам, а таксама змяніць Падатковы і Бюджэтны кодэксы. Акрамя таго ўрад Украіны падрыхтаваў праект закона аб амністыі, які дазволіць пазбегнуць адказнасці ўдзельнікам беспарадкаў на ўсходзе краіны, якія не ўчынялі цяжкіх злачынстваў. Нагадаем, па выніках чатырохбаковых перамоў у Жэневе кіраўнікі дыпламатый Расія, ЗША, Украіны і ЕС адобрылі дакумент, які змяшчае крокі па дээскалацыі канфлікту ва Украіне. Галоўны заклік такі: усе незаконныя фарміраванні павінны скласці зброю і вызваліць захопленыя будынкі. Між тым, сітуацыя ва Украіне застаецца вельмі напружанай. У Марыупалі будынак гарсавета па-ранейшаму займаюць мітынгоўцы. У мэтах бяспекі былі эвакуяваныя жыхары найбліжэйшай шматпавярхоўкі. У сярэдзіне тыдня была спроба захапіць ваенную часць з бронетэхнікай. Пасля трэцяй спробы штурму пратэстуючыя былі атакаваныя нацыянальнай гвардыяй. А ў Данецку не спыняюцца маштабныя мітынгі з заклікамі да правядзення рэферэндуму аб статусе рэгіёну. І ўсё гэта на фоне эканамічнага крызісу. Да канца года Украіна павінна выплаціць каля 9 мільярдаў долараў па знешніх даўгах. Кіеву зараз востра патрэбна дапамога. Аднак рашэнне аб прадастаўленні першага транша крэдыту, які абяцаў МВФ, яшчэ не прынята. Адказу Кіеў чакае ў першых чыслах мая.