Акцыі пратэсту згорнутыя, дарогі і дзяржустановы не блакіруюцца. Прычынай разрадкі стала ўчарашняя заява спікера кіруючай рэспубліканскай партыі Сержа Саргсяна. РПА заявіла, што не стане вылучаць свайго кандыдата на паўторных выбарах 8 мая і падтрымае любога кандыдата, вылучанага, паводле закона, трацінай Парламента. Сваё рашэнне не галасаваць за апазіцыйнага кандыдата ў мінулы аўторак, што выклікала новую хвалю пратэстаў і паралізавала трафік у краіне, кіруючая партыя растлумачыла жаданнем спакойна прааналізаваць праграму і афіцыйныя заявы Нікола Пашыняна. Сам лідар пратэсту назваў рашэнне партыі ўлады - безумоўнай перамогай армянскага народа і заклікаў згарнуць пратэстную актыўнасць да 8 мая. Гэтая заява выклікала эйфарыю, а забастоўкі і пікеты хутка трансфарміраваліся ў народныя гулянні.
Зрэшты, армянскія палітолагі не спяшаюцца падводзіць рысу пад палітычным крызісам. Паводле іх меркавання, за астатнія 5 дзён сітуацыя можа яшчэ не раз памяняцца, а кіруючая партыя падчас канстытуцыйнай рэформы ўжо брала свае словы назад, напрыклад, насуперак абяцанню, абраўшы Сержа Саргсяна кіраўніком урада. Нагадаем, менавіта гэтае непапулярнае рашэнне, падмацаванае складанай эканамічнай сітуацыяй у Арменіі, справакавала трохтыднёвы палітычны крызіс.
І як стала вядома сёння, лідар апазіцыйнага руху Арменіі Нікол Пашынян сабраў подпісы адной траціны дэпутатаў парламента, неабходныя для вылучэння кандыдатуры ў прэм'еры Арменіі. Такім чынам, яго кандыдатура вылучана афіцыйна. Паўторнае галасаванне пройдзе 8 мая.













