Анамальныя халады накрылі ЗША

31 января 2019

Расце колькасць ахвяр "арктычнага ўварвання". Снегапад, завіруха і лютыя маразы ператварылі гэтымі днямі Сярэдні Захад у Паўночны полюс. Больш як 10 чалавек загінулі ад пераахаладжэння, а таксама ў аварыях на трасах. У рэгіёнах, дзе пануе зіма, пражывае без малога 250 мільёнаў амерыканцаў. Больш за ўсіх пацярпелі штаты Паўночная Дакота, Вісконсін, Аёва, Мінесота, Мічыган і Ілінойс.

У амерыканскіх аэрапортах адмененыя тысячы рэйсаў. У гарадах зачыненыя школы і ўніверсітэты. Па шэрагу кірункаў спынена чыгуначная сувязь. У некаторых штатах дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Медыкі заклікаюць амерыканцаў падбаць аб сваім здароўі.

У Чыкага, які знаходзіцца паўднёвей за Сочы, тэмпература апусцілася да мінус 33 градусаў па Цэльсіі. Гэта рэкорд больш як за паўстагоддзя. Там настолькі холадна, што ў горадзе пачалі падпальваць чыгуначныя пуці, каб не дапусціць аварый.

Справа ў тым, што метал скарачаецца і рэйкі могуць аддзяліцца адна ад адной. Таму рабочыя іх награваюць з дапамогай спецыяльных газавых прылад. А мясцовыя жыхары гэтым часам выліваюць за акно кіпячую ваду - кіпень імгненна замярзае.

Адкрыццё агульнанацыянальнага конкурсу ледзяных скульптур у штаце Вісконсін адкладзена. Занадта холадна нават тым, каму не прывыкаць працаваць гадзінамі на марозе.

Змерзлі рэкі і азёры Сярэдняга Захаду ЗША. Звычайна ўсю зіму яны застаюцца суднаходнымі. Возера Мічыган амаль цалкам пакрылася лёдам. Ля яго берагоў тэмпература паветра ў аўторак даходзіла да мінус 48 градусаў па Цэльсіі. Па словах сіноптыкаў, у найбліжэйшы час маразы ўзмоцняцца.