Амерыканцы баяцца эпідэміі ліхаманкі Эбола

3 октября 2014

У ЗША нарастае паніка. Амерыканцы баяцца эпідэміі ліхаманкі Эбола. Усё пачалося пасля заражэння жыхара Тэхаса, які некалькі тыдняў таму вярнуўся з Афрыкі. Прадстаўнікі СМІ высветлілі, што перад тым як звярнуцца да ўрачоў, мужчына кантактаваў з дзясяткамі людзей. Зараз усе яны могуць быць пераносчыкамі смяротнага віруса.


Расказвае Юрый Казлоў. Томас Эрык Дункан - жыхар штата Тэхас ліберыйскага паходжання - быў шпіталізаваны напрыканцы верасня. У мужчыны рэзка паднялася тэмпература, па дарозе ў бальніцу Даласа яго ванітавала, расказваюць суседзі. Вядома, што каля двух тыдняў таму Дункан вярнуўся ў ЗША з Ліберыі. Спачатку ўлады штата не раскрывалі асобу пацыента, але калі мясцовыя жыхары ўсё-такі даведаліся імя хворага, у горадзе пачалася паніка. Аказалася, што пасля вяртання дамоў з Афрыкі мужчына кантактаваў амаль з сотняй людзей, у тым ліку з дзецьмі. Усіх іх зараз абследуюць медыкі. Жыхары Даласа лічаць, што смяротным вірусам ужо заражаныя дзясяткі чалавек. Бацькі не адпускаюць дзяцей у школы. Многія і самі не рызыкуюць выходзіць на вуліцы.


Напружання не вытрымала і сям'я Дункана. Бацькі хворага - першыя кандыдаты на каранцін - спрабавалі ўцячы. Зараз яны змешчаныя пад варту. Разам з імі ізаляваныя яшчэ два чалавекі. Рэчы хворага запячатаныя ў пластыкавыя мяшкі, дом Дункана ачэплены. Улады штата ўпэўненыя, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і распаўсюджвання ліхаманкі ўдасца пазбегнуць.


Тым не менш, панічныя настроі ў краіне толькі нарастаюць. Сёння стала вядома, што ў Ліберыі заразіўся Эболай 33-гадовы тэлеаператар, які супрацоўнічаў з тэлеканалам NBC. Мужчына сам распазнаў сімптомы небяспечнай хваробы і звярнуўся да ўрачоў. Зараз ён знаходзіцца ў ЗША на лячэнні. Раней пацыент з падазрэннем на Эболу быў шпіталізаваны на Гаваях.


Ліхаманка Эбола можа забіць чалавека менш чым за два тыдні. Шанцы выжыць - ад 10 да 40 працэнтаў у залежнасці ад штаму віруса. У Ліберыі, Сьера-Леонэ, Гвінеі і Нігерыі маштаб эпідэміі набыў катастрафічны характар. Паводле звестак ААН, з лютага хвароба забрала больш як 3330 жыццяў. У рэгіёне ўведзеныя жорсткія меры каранціну. Мясцовых мусульман - зараз у іх вялікае свята - нават не пусцілі ў Меку.


ААН заклікае планету згуртавацца вакол новай пагрозы. На днях фінансаванне праграм, накіраваных на барацьбу з захворваннем, сур'ёзна пашырылі Японія і Аўстралія. Куба адправіла ў Афрыку 165 медыкаў. Паралельна развітыя краіны распрацоўваюць вакцыну ад віруса Эбола. Але з кожным днём верагоднасць пандэміі павялічваецца, папярэджваюць эксперты. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя ЗША, ужо да новага года заразіцца Эболай могуць паўтара мільёна чалавек.