На мінулым тыдні рэспубліканцы вызначыліся са сваім фаварытам. Мільярдэр Дональд Трамп афіцыйна прызначаны прэтэндэнтам на галоўную пасаду ў краіне. Сёння ж у Філадэльфіі стартуе з'езд дэмакратычнай партыі, на якім дэлегаты з усёй краіны назавуць імя таго, хто будзе змагацца за Белы дом. Канвент дэмакратаў у сталіцы Пенсільваніі сабраў 50 000 чалавек. Сярод іх - упершыню ў гісторыі Беларускага тэлебачання і здымачная група Агенцтва тэленавін. Чаму ўвага ўсяго свету на гэтым тыдні будзе прыкавана да Філадэльфіі, распавядзе наш палітычны аглядальнік Аляксей Адашкін.
Дэмакратычная партыя - адна з дзвюх найважнейшых палітычны сіл у ЗША. З'езд дэмакратаў у прынцыпе можна назваць агульнаамерыканскім народным сходам. У Філадэльфію прыехалі прадстаўнікі кожнага з 50-ці штатаў і федэральнай акругі Калумбія. Адных толькі журналістаў акрэдытавана каля 15-ці тысяч чалавек. Гэта, дарэчы, удвая больш, чым будзе сачыць за Алімпіядай у Рыа.
Кошт правядзення такога форуму - каля 60 мільёнаў долараў. Грошы бяруцца з ахвяраванняў выбаршчыкаў. Узбагаціцца на палітыцы плануюць і шматлікія прадаўцы сувеніраў, якія ў гэтыя дні пазапаўнялі Філадэльфію. Канвент толькі пачаўся, а яго ўжо называюць гістарычным. Амаль ніхто не сумняваецца, што партыя дасць дабро Хілары Клінтан змагацца за пасаду прэзідэнта. А гэта азначае, што ўпершыню кіраваць справамі ў Белым доме, магчыма, будзе жанчына.
Джэніфер Гіе-Уолес, журналіст:
"На мой погляд, Хілары была ўзрушаючай першай лэдзі. А яшчэ, я думаю, што яна сапраўдны баец. І гэта мне ў ёй вельмі падабаецца. Яе не спыніць. Яна настолькі разумная і адукаваная, яна лідар па натуры. Яна выгадавала выдатную дачку. І я ўпэўненая, што яна зробіць Амерыку лепшай".
Дыён Стазнворс, жыхарка Філадэльфіі:
"Мы павінны аддзяліць вялікія капіталы ад палітыкі. Мы павінны зрабіць так, каб палітыкі зноў звярнуліся да народа. І пакуль адзіная, каму гэта пад сілу, - гэта Хілары Клінтан".
Сярод кандыдацкіх абяцанняў былой першай лэдзі - пераадоленне няроўнасці прыбыткаў, павелічэнне мінімальнай зарплаты і аплачваны дэкрэтны водпуск. У 2008 годзе Хілары Клінтан ужо даходзіла ў перадвыбарнай барацьбе да з'езду дэмакратаў. Аднак тады аднапартыйцы выбралі не яе, а Барака Абаму. На кангрэсе ў Філадэльфіі цяперашні гаспадар Белага дома выступіць у падтрымку спадарыні Клінтан. Сярод высокапастаўленых агітатараў - таксама першая лэдзі Мішэль Абама і былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан.
Паводле падлікаў сацыёлагаў, за Трампа на лістападаўскіх выбарах гатовыя аддаць свае галасы прыкладна 38% апытаных. Яшчэ 41% сімпатызуе спадарыні Клінтан. Гэта значыць разрыў паміж фаварытамі прэзідэнцкай гонкі - усяго толькі 3%. А гэта азначае, што фінал гэтага палітычнага шоу абяцае быць відовішчным і непрадказальным.













