Акцыі пратэсту могуць справакаваць новую хвалю заражэнняў каранавірусам у ЗША

5 июня 2020
Новую хвалю заражэнняў COVID-19 чакаюць у ЗША. На думку экспертаў, яе могуць справакаваць акцыі пратэсту, якія не сціхаюць у краіне ўжо больш як тыдзень. Медыкі асцерагаюцца, што ўсплёск выкліча адсутнасць сацыяльнай дыстанцыі на мітынгах і прымяненне паліцыяй слёзатачывага газу, бо многія пратэстанты здымалі маскі, каб палегчыць сабе дыханне. 

Яшчэ адна праблема акцый - марадзёрства. У многіх гарадах па ўсёй краіне з-за рабаванняў зачыніліся магазіны, што прывяло да недахопу ежы. Пратэсты тым часам працягваюцца. Мітынгоўшчыкі тысячамі прыходзяць да Белага дома.

Развітанне з Джорджам Флойдам

Сотні чалавек сабраліся і ў Нью-Ёрку, каб ушанаваць памяць Джорджа Флойда, з якім гэтым часам развітваліся ў Мінеапалісе. Людзі пагрузіліся ў цішыню на 8 хвілін 46 секунд - роўна столькі паліцэйскі душыў афраамерыканца. Жалобныя мерапрыемствы найбліжэйшымі днямі запланаваныя ў шматлікіх штатах.