Аэробус Кагалымавія разваліўся ў паветры

2 ноября 2015

Такую выснову зрабілі эксперты Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта. За некалькі хвілін да падзення хуткасць самалёта знізілася ўдвая. І аэробус падаў з хуткасцю два кіламетры за хвіліну. Версія разбурэння ў паветры тлумачыць, чаму пілоты не паведамілі дыспетчару пра непаладкі на борце. Гэта пацвярджае і размяшчэнне абломкаў самалёта на зямлі. Эксперты гавораць, што катастрофа магла адбыцца ад разгерметызацыі салона: ад рэзкага перападу ціску корпус самалёта лопнуў. Аднак што менавіта магло гэта выклікаць, гаварыць пакуль рана. Не выключаюцца версіі з выбухам у багажным аддзяленні, з няспраўным рухавіком і састарэлым фюзеляжам.

Страшная трагедыя адбылася ў суботу раніцай на Сінайскім паўвостраве праз 23 хвіліны пасля ўзлёту лайнера Шарм-эль-Шэйх - Санкт-Пецярбург. Загінулі 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа, сярод іх 25 дзяцей. Большасць - расіяне, ёсць таксама грамадзяне Беларусі і Украіны. Сёння раніцай у піцерскім аэрапорце Пулкава прызямліўся борт з Каіра з астанкамі 140 пасажыраў. Наступны рэйс чакаюць заўтра. У Санкт-Пецярбургу і вобласці сёння другі дзень жалобы.