Пад заваламі дома ў Магнітагорску знайшлі жывога немаўля

1 января 2019

2 студзеня ў Чэлябінскай вобласці Расіі аб'яўлена жалоба ў сувязі з трагедыяй у Магнітагорску. Там напярэдадні ў жылым доме прагрымеў выбух газу. Пошукава-выратавальная аперацыя прыпыненая праз пагрозу абвалу паўразбураных канструкцый. Іх будуць разбіраць - гэта зойме каля сутак. Пакуль з-пад абломкаў дасталі сем цел. 36 чалавек лічацца прапаўшымі.

Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў спачуванне губернатару Чэлябінскай вобласці, а таксама родным і блізкім загінуўшых.

"У Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі вестку пра трагедыю, якая адбылася ў Магнітагорску. Вялізны боль ад незаменных страт напоўніў сэрцы ўсіх беларусаў. Мы смуткуем разам з братэрскім расійскім народам і падзяляем цяжар бяды, якая напаткала яго", - гаворыцца ў спачуванні.

Сёння пад заваламі знайшлі жывое адзіннаццацімесячнае дзіця. Ратавальнікі пачулі плач немаўляці. Хлопчыка даставілі ў бальніцу, ён у цяжкім стане. Мама дзіцяці выбралася з пад'езда, які абваліўся, з трохгадовым сынам, малодшы спаў у ложку, і з-за разбурэнняў яна не змагла яго знайсці. Выратаванне дзіцяці называюць цудам: уначы ў Магнітаргорску мінус 30 марозу.