28 снежня ў Казахстане дзень жалобы

27 декабря 2019
Сёння ў Казахстане адбылося крушэнне лайнера мясцовых авіяліній. На борце знаходзіліся 98 чалавек, загінулі 12, дзясяткі - у бальніцах. 

28 снежня абвешчаны ў Казахстане днём жалобы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву ў сувязі з авіякатастрофай каля Алматы.

Авіякатастрофа ў Казахстане - загінулі 12 чалавек


Расказвае Лізавета Казакова. 

Пасажырскі самалёт авіякампаніі Bek Air выконваў рэйс Алматы - Нур-Султан. Зрэшты, трагічная няўдача спасцігла яго прама на старце. Пры ўзлёце лайнер страціў вышыню, двойчы закрануў хваставой часткай узлётна-пасадачную паласу, затым прабіў бетонавую агароджу і сутыкнуўся з двухпавярховым домам, які будуецца. У той момант у ім нікога не было, пажару не ўзнікла. На борце  - 93 пасажыры і пяць членаў экіпажа. У асноўным - грамадзяне Казахстана. У салоне былі і чацвёра іншземцаў: з Украіны, Кыргызстана і Кітая.

У выніку аварыі восем чалавек загінулі на месцы здарэння, двое памёрлі ў бальніцы і два ў аэрапорце Алматы. 49 спатрэбілася шпіталізацыя, ёсць і вельмі цяжкія. 

Айман Байзалданава, галоўны ўрач бальніцы г. Алматы: "19 пацыентаў да нас паступіла. Практычна ўсе яны ў цяжкім стане. 11 пацыентаў адразу паступілі ў рэанімацыю. Яшчэ 6 экстранна прааперыраваныя. На жаль, двое памёрлі ад траўм, не сумяшчальных з жыццём. На гэты момант псіхолагі аказваюць магчымую дапамогу і сваякам, і пацыентам. Невядомых пацыентаў няма, усе імёны нам вядомыя".

Прычына катастрофы - памылка пілотаў або тэхнічная няспраўнасць


У якасці папярэдніх прычын крушэння камісія па расследаванні разглядае памылку пілотаў і тэхнічную няспраўнасць. Прычым,  самалёт  FOKKER 100 - для кароткіх і сярэдніх рэйсаў - меў сертыфікат лётнай прыдатнасці, выдадзены ў маі 2019 года. Хоць сёння такія самалёты не вырабляюцца - нідэрландская кампанія збанкрутавалася яшчэ ў 96-ым. 

Дэй Вітынгхэм, гендырэктар Камітэта па бяспецы палётаў Вялікабрытаніі: "Пакуль мы не ведаем, у якім стане знаходзіўся экіпаж. Менавіта яны - ключавыя сведкі любога расследавання. Без сумнення, па магчымасці будуць апытаныя ўсе пасажыры, што выжылі. Бо нават самыя маленькія фрагменты інфармацыі дазволяць следчым максімальна ўзнавіць карціну таго, што адбылося". 

Дарэчы, за ўсю гісторыю ў выніку катастроф і сур'ёзных аварый былі страчаныя 16 самалётаў Fokker 100. У гэтых здарэннях загінулі 183 чалавекі. Па рашэнні ўлад, пасля сённяшняга здарэння ўсе рэйсы Bek Air і Fokker-100 у Казахстане спыненыя да поўнага расследавання прычын крушэння.