2019 год у свеце

29 декабря 2019
Сусветная навіна гэтага года нумар адзін, з якой мы і адкрываем другую частку праграмы, у тым, што ў 2019 міру ў свеце больш не стала, нягледзячы на ўсе немалыя высілкі сусветных лідараў. На жаль, краінам і людзям усё гэтак жа пагражаюць і эканамічная, і экалагічная нестабільнасць, і тэрарызм, і міграцыйныя патокі, і патокі фэйкавых навін.

Абсалютная ж праўда якраз тое, што ўсё гэта - праблемы, якія  ўзніклі не ў 2019! А навізна сітуацыі ў тым, што новых рашэнняў глабальных задач за год так і не з'явілася. Хоць да гэтага заклікалі і старыя, і новыя героі агульнапланетарных навінавых стужак. Хто яны? Кім і чым запомніцца год ім і нам? За свет у адказе Марыя Пятрашка.

Яны маглі жыць, быццам у садах Эдэма, якія ўгнойваюцца чорным золатам. Але стабільнасць у краіне баралямі не вымераеш, тым больш калі на гэтыя баралі ўжо загледзеліся з заходняга кірунку. На Блізкім Усходзе сёлета наступіла літаральна "арабская восень". Пратэстамі заразіліся Іран, Ірак і Ліван. Санкцыйны дроб і выхад ЗША з ядзернай дамовы вымусілі Тэгеран скараціць і так безальтэрнатыўны экспарт нафты і прывялі да дэфіцыту бюджэту. А калі найбуйнейшы ў рэгіёне гулец з казырамі з ядзерных аб'ектаў закіпае, горача становіцца ўсюды. 

Лацінская Амерыка - месцамі ўзорная вітрына стабільнасці МВФ. Вітрына, у якую паляцелі камяні і кактэйлі Молатава ў суправаджэнні незадаволенасці мясцовага насельніцтва. Чылі і Эквадор закіпелі ад няроўнасці паміж багатымі і беднымі. Востра стала і ад недаступнасці аховы здароўя і адукацыі, і цэн, якія ўвесь час  растуць. Вярхі не могуць, а нізы хочуць жыць па-іншаму. Скласці замест кантракту з МВФ новы сацыяльны кантракт з дзяржавай. 

Не меней горача было і ў Бразіліі - там гарэлі лясы Амазоніі. Але лясны пажар перакінуўся і на палітычныя прасторы. А вінаваты ва ўсім аказаўся Трамп, трапічны Трамп - такую далі мянушку прэзідэнту краіны Жаіру Балсанару, па таемным дазволе якога і спальвалі лацінаамерыканскія прасторы, каб вызваліць месца заморскім вытворцам. Мабыць, не ўся Лацінская Амерыка вырашыла выйсці з задняга двара ЗША на пярэдні план.

Сімвал Францыі, які перажыў рэвалюцыі і абедзве вайны, сабор Парыжскай Божай Маці сёлета назаўжды страціў першародны выгляд. Пажар у Нотр-Дам дэ Пары многія расцанілі як знак: не ўсё гладка ў Пятай рэспубліцы.

Масавыя беспарадкі, барыкады, пабітыя вітрыны і сутыкненні з паліцыяй - святочны, але вельмі традыцыйны кактэйль прыгатавалі сабе "жоўтыя камізэлькі" да першай гадавіны, якая плаўна перацякае ва ўсеагульную забастоўку. І вось Францыя па-ранейшаму бастуе; ці то прапановы народа ледзь даносіліся да Елісейскага палаца, ці то і напраўду не зусім зразумелыя прэзідэнту багатых - такую далі мянушку Эмануэлю Макрону. Бо пакет сацыяльных ідэй не вельмі зручна разглядаць, святкуючы юбілеі ў замку Шамбор на беразе Луары. І ў пагоне за лідарствам у еўрапейскай кампаніі, разбіраючыся, а ці не памёр мозг НАТА? 

На рэнтген мозга альянса склікаў усіх новы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, юбілейны саміт арганізацыі правялі ў Лондане. Менавіта там, дзе сёлета на ўжо амаль рытарычнае пытанне брытанскай нацыі “быць або не быць?” пасля доўгіх спрэчак і нават змены ўрада вырашылі: Брэксіту быць! Місія Борыса Джонсана аказалася выканальнай! Новы Чэрчыль, як яго назвалі ці таму, што ён быў таксама рэзкі ў выказваннях, ці таму, што 75 гадоў таму той перамог пагрозу з кантынента. А сёння як самы непрадказальны палітык Еўропы Борыс Джонсан па-майстэрску павялічвае палітычную дыстанцыю паміж Вялікабрытаніяй і Еўропай.

Яны змагаліся за пасаду прэзідэнта, а не манаршы трон. Але аказалася, чысціня крыві і тут мае значэнне. Украінская гульня прастолаў сёлета была неабыякай, зрэшты, сумясціць сатыру і палітыку некаму атрымалася. 

На працягу трох гадоў украінскі народ сачыў за прываблівым лідарам у серыяле "Слуга народа", як раптам казка стала жыццём. 

Самы яркі батл 2019 стаў не проста самым незвычайным спосабам папоўніць казну праз продаж білетаў замежнікам, але і відавочна засланіў знакамітую спрэчку паміж рэперамі Аксіміранам і Гнойным. 

На катамаране… На цягніку… Галоўнае, экалагічна чыста высвятляла, куды сыходзіць дзяцінства і як выратаваць планету, 16-гадовая школьніца, экаактывістка, чалавек года паводле версіі "Тайм" Грэта Тунберг, якая дазволіла сабе на кліматычным саміце ААН у лепшых традыцыях правага папулізму  вучыць сусветны істэблішмент, увасабляючы сабою новы - зялёны. 

Грэта Тунберг, экалагічная актывістка: "Мяне наогул не павінна было быць у гэтай зале. Я павінна быць у школе па іншы бок акіяна. Але менавіта вы звяртаецеся да нас, моладзі, па надзею! Як вы наогул смееце гэта рабіць? Вы, менавіта вы выкралі мае мары і маё дзяцінства сваімі пустымі прамовамі!"

Дзяўчынка, якой удзячныя шматлікія бацькі ва ўсім свеце. Бо яна адарвала іх дзяцей ад экранаў смартфонаў і кожны тыдзень выводзіць на вуліцу ў рамках акцый "Пятніцы для будучыні". Ёй не меней удзячныя і буйныя карпарацыі ў нематэрыяльнай лічбавай сферы эканомікі. Ды і той самы істэблішмент падтрымае Грэту, якая вядзе за сабою мільёны энтузіястаў з агнём у вачах, якія не заўважаюць за бляскам вялікіх ідэй спрытныя маніпуляцыі ўладароў свету.

Пакуль еўрапейскія эксперты б'юць трывогу, сур'ёзна заяўляючы пра чарговую хвалю міграцыйнага крызісу, у ААН палічылі: сёлета колькасць бежанцаў упершыню ў гісторыі перавысіла 70 мільёнаў чалавек. І ім усім патрэбна дапамога. Менавіта да міласэрнасці заклікаў вернікаў Папа Рымскі Францыск, калі адкрываў у Ватыкане помнік, прысвечаны пакутам бежанцаў.