10 чэрвеня 1999 года завяршылася аперацыя НАТА "Саюзная сіла"

10 июня 2019

Сербія адзначае 20 гадоў мірнага жыцця. 10 чэрвеня 1999 года завяршылася аперацыя НАТА "Саюзная сіла". Яна  забрала жыцці 1 700 чалавек (паводле звестак тады яшчэ Саюзнай Рэспублікі Югаславіі). І з таго часу  гэтая вялікая краіна перастала існаваць на карце.

Вікторыя Сянкевіч адправілася ў Бялград  і гаворыць, што беларусаў у Сербіі  сёння добра ведаюць. Памятаюць і візіт нашага Прэзідэнта. Журналісты  назвалі  яго "візітам пад бомбамі НАТА". Памятаюць таксама гуманітарную дапамогу і нашу падтрымку. 

Паміж мной і студыяй "Панарамы" 1,5 тысячы кіламетраў. Гэта крыху менш чым дзве гадзіны пералёту. Праз гэтую адлегласць Мінск і Бялград будуюць мост сяброўства і паразумення. Але так ціха, мірна і шматлюдна на гэтых вуліцах было не заўсёды.

Яны не здолелі дамовіцца ў сваім доме,  і супакойваць іх пачалі зверху. Выццём паветранай трывогі абазначылі 78 дзён і начэй. Аперацыя НАТА "Саюзная сіла" ставіла мэтай абарону насельніцтва Косава ад этнічных чыстак. Але ў выніку бамбардзіроўкі "з мірнымі мэтамі"  забралі 1 700 жыццяў (паводле звестак Саюзнай Рэспублікі Югаславіі). Разбурылі дарогі, фабрыкі, аэрапорты, інфраструктуру. Аднялі дом у тысяч людзей.

Пустыя паўразбураныя будынкі. Разбітыя вокны. Правалы ў сценах. Іх захоўваюць тут, каб памяталі. Урокі гісторыі ў Бялградзе вывучылі вельмі добра. 

Памятаюць тут і нашага Прэзідэнта. Чалавека, які ў цяжкую хвіліну не паслухаў папярэджанняў генералаў НАТА ("гарантый бяспекі няма", гаварылі яны), не слухаў выцця паветранай трывогі, а чуў людзей. І гаварыў дзеля міру.

Беларусы  вельмі добра ведаюць цану мірнага жыцця. І не прыйсці на дапамогу не маглі. 14 красавіка 1999 года ў Бялград прыляцеў Аляксандр Лукашэнка. Адзіны Прэзідэнт, які ступіў тады на гэтую зямлю. А 28 красавіка з Мінска выйшаў гуманітарны груз - 500 тон дапамогі. 

Міраслаў Лазанскі дэпутат Народнай скупшчыны Рэспублікі Сербіі, журналіст, ваенны аналітык, пасол Сербіі ў Расіі:  "Гэта была вялізная маральная падтрымка сербскай дзяржаве, тады Саюзнай Рэспубліцы Югаславіі і грамадзянам Саюзнай Рэспублікі Югаславіі, асабліва грамадзянам Сербіі. І мы Прэзідэнта Лукашэнку сустрэлі як вялікага сябра сербскага народа і Сербіі, і мы ніколі не забудзем яго вельмі смелы візіт, тое, што падчас бамбардзіровак ён прыляцеў на самалёце і спрабаваў усяляк дапамагчы Сербіі любым спосабам".

Гэта быў учынак палітыка і чалавека. А яшчэ гэта быў сігнал свету, як адна невялікая краіна можа і павінна выказваць сваю пазіцыю. Маладая Беларусь ужо тады выступала донарам стабільнасці ў рэгіёне. Сёння мінская пляцоўка  працягвае міратворчую місію.

Беларусь заўсёды была побач з Сербіяй у цяжкія часы. Ну а зараз час будаваць мірнае жыццё. Разам. Прамыя авіязносіны, падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва, сумесныя вытворчасці аўтобусаў МАЗ, тралейбусы Белкамунмаша на вуліцах гэтага горада. І планы па тавараабароце  на 500 мільёнаў долараў за год. Беларусі і Сербіі па  дарозе. Пацвярджэнне таму - зваротны адлік да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску  тут, у сэрцы Бялграда.