Зоркі сусветнага біятлона збяруцца ў Раўбічах

4 сентября 2015

Зоркі сусветнага біятлона, чэмпіёны свету і ўладальнікі алімпійскага золата 12 верасня збяруцца ў Раўбічах. Яны па запрашэнні Дар'і Домрачавай прымуць удзел ва ўнікальным для Беларусі фестывалі "Гонка легенд - зоркі біятлона за мір". У комплексе актыўна рыхтуюцца да важнай падзеі. Тут пасля рэканструкцыі ёсць усё неабходнае для сустрэчы вядомых гасцей. Засталося дадаць хіба што дадатковыя трыбуны.

Алена Гарэльчык ацаніла гатоўнасць комплексу.

Аб падзеі 12 верасня ўжо на ўездзе ў Раўбічы нагадвае вось гэта расцяжка. У самім спарткомплексе сёння пакуль актыўна трэніруецца нацыянальная зборная. Гэту трасу яны саступяць 22 наймацнейшым біятланістам свету ў мінулым. Гучныя тытулы і абавязковая ўмова - як мінімум тры гады таму завяршыць прафесійную кар'еру. Уайлд-кард на такіх спаборніцтвах быць не можа.

На Алімпіядзе ў Сараеве Сяргей Булыгін выйграў золата ў эстафеце. Адным з яго напарнікаў па камандзе тады быў Юрый Кашкароў. Праз амаль 30 гадоў легенды біятлона зноў выйдуць на старт. Праўда, спаборнічаць яны зараз будуць адзін супраць аднаго.

У праграме фестывалю тры гонкі - два суперспрынты па тры з паловай кіламетры. Менавіта па іх выніках біятланісты аб'яднаюцца ў каманды і выступяць у эстафеце. Апроч Булыгіна ў ролі гаспадароў на трасу выйдуць алімпійскі чэмпіён Калгары Аляксандр Папоў і 17-разовы прызёр чэмпіянатаў свету Алена Зубрылава.

Беларусы, немцы, нарвежцы, шведы, расіяне - гэта геаграфія ўдзельнікаў "Гонкі легенд". Прадказаць, хто ў выніку акажацца пераможцам, немагчыма. Куражу спаборніцтвам дададуць і старыя рахункі.

Турын-2006, індывідуальная гонка на 10 кіламетраў, жорсткая барацьба па дыстанцыі і крыху больш за 8 секунд перавагі на фінішы Свена Фішэра над Халвардам Ханевальдам. У Раўбічах у нарвежца будзе магчымасць узяць рэванш.

Арганізатары раяць у дзень фестывалю прыязджаць у Раўбічы лепш усяго к 12 гадзінам. Да, падчас і ў перапынках паміж гонкамі балельшчыкам будзе чым заняцца.

Білеты на "Гонку легенд" можна купіць ужо сёння. Іх кошт ад 30 да 50 тысяч рублёў. Усе выручаныя ад продажу квіткоў сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.