Відовішчныя старты сёння разгарнуліся і ў Наваполацку

20 января 2018

Другі этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона сабраў 150 спартсменаў з усіх рэгіёнаў краіны. Нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, барацьба вельмі сур'ёзная. Першы этап кубка, які адбыўся напярэдадні Новага года на гэтай жа трасе, выявіў лідараў. Новыя старты праходзяць з яшчэ большым запалам, а яшчэ дапамагаюць знайсці і выхаваць будучых вялікіх спартсменаў. Хто здзівіў балельшчыкаў, сёння раскажа Вольга Маслоўская.

Да старту лічаныя хвіліны. Спаборніцкі дзень складаецца з самых відовішчных гонак з масавым стартам. На дыстанцыі - юныя біятланісты з усіх рэгіёнаў Беларусі. Каб балельшчыкам было больш лёгка арыентавацца, спартсменаў кожнай з каманд апранулі ў капялюшыкі аднолькавага колеру. Сіні - колер паўночнікаў, аранжавы - каманды Брэсцкай вобласці. Але падтрымкі і эмоцый гледачы не шкадавалі ні для каго.

Кубак Беларускай федэрацыі біятлона - спаборніцтвы новыя, але праходзяць па добра вядомай схеме самых прэстыжных біятлонных спаборніцтваў - Кубка свету. Чатыры этапы. Тры з іх - на базе Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Гэтая юніёрская траса - адна з самых складаных у Беларусі. Стромкія павароты, перапад вышынь 150 метраў, асвятленне для самых відовішчных - вячэрніх - стартаў. Штучнае пакрыццё прысыпаў свежы снег, таму лыжы едуць добра.

Не адразу ўправіўся са стральбой і лідар папярэдняга этапу Аляксандр Кошын. Без промахаў толькі чацвёртая стральба. Але, нягледзячы на штрафныя кругі, спартсмен фінішуе першым.

Біятланіст рыхтуецца ў Наваполацку ў складзе эксперыментальнай групы Беларускай федэрацыі біятлона. У яе ўвайшлі таленавітыя з усёй краіны. Адмысловы рэжым трэніровак, сучасныя методыкі, медыцынскі кантроль. Усё дзеля выніку. Галоўны балельшчык, калі не лічыць трэнераў, гэта маці. Свой медаль пераможца давярае ёй.

Для балельшчыкаў гэты спаборніцкі дзень стаў сапраўдным святам спорту. Музыка, віктарыны на веданне правілаў біятлона ў перапынках паміж стартамі, гарачая гарбата і салдацкая каша!

Заўтра балельшчыкаў ізноў чакаюць на лыжні. У праграме спаборніцтваў - змяшаныя эстафеты. А для герояў наступнага сюжэту вынік - рэч іншая. На лыжах і санках яны едуць па здароўе і добры настрой.