Залатыя алімпійскія надзеі на жаночую біятлонную эстафету

21 февраля 2014

На Алімпіядзе ў Сочы сёння ў беларусаў адна з апошніх рэальных магчымасцяў папоўніць калекцыю ўзнагарод. Зараз наша зборная на 8 месцы з 6 медалямі - 5 залатымі і 1 бронзавай. Жаночая біятлонная гонка чакаецца з павышанай цікавасцю, таму што ў складзе нашай каманды - трохразовая чэмпіёнка Гульняў Дар'я Домрачава і прызёр Надзея Скардзіна. Але яны - толькі палова поспеху.


Хто яшчэ сёння пабяжыць за Беларусь, раскажа Мікалай Стула. Эйфарыя ў беларускай біятлоннай камандзе ў Сочы калі і ёсць, дык яна пад кантролем. Адразу пасля мас-старту было зразумела: Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна шмат выдаткавалі эмоцый, таму на дзве астатнія эстафеты іх не хопіць фізічна. Трэнеры вырашылі зрабіць стаўку на пятнічную эстафету. Іх словы да нас адразу пасля цырымоніі ўзнагароджання данесла Домрачава.


Домрачава і Скардзіна атрымалі тры дні адпачынку. У шалёным алімпійскім графіку гэта раскоша. Зараз гэтай раскошай галоўнае правільна распарадзіцца. Вядомыя і прозвішчы яшчэ дзвюх біятланістак, якія выступяць за нашу краіну. Барысаўчанка Людміла Калінчык - вопытная эстафетчыца, нават у няўдалым для беларусаў міксце яна была лепшая: абышлася без дадатковых патронаў. Вось бы і сёння так.


Чацвёрты нумар зборнай Беларусі - Надзея Пісарава. Яна - дэбютантка Алімпіяд, у Сочы правяла толькі адну, індывідуальную, гонку. Варта памятаць, што яе самыя сур'ёзныя дасягненні ў кар'еры звязаныя менавіта з эстафетамі.


Скардзіна, Калінчык, Пісарава, Домрачава - мабыць, на сёння гэта самае аптымальнае спалучэнне на эстафету. Тром першым дзяўчынам галоўнае - быць дакладнымі на агнявых рубяжах, не адпусціць саперніц далёка, тым самым падрыхтаваць плацдарм для штурму п'едэстала. А ўжо далей разлік на Дашу.