Золата Уладзіслава Ганчарова стала першай узнагародай для Беларусі ў суверэннай гісторыі ў скачках на батуце

14 августа 2016

Станіслаў Ліпскі ў момант бліскучай перамогі знаходзіўся непасрэдна на арэне. Яму і падагульніць выступленне Уладзіслава Ганчарова.

Боб Дылан, Джо Кокер, гурт Queen, баскетбольны матч каманд НБА, конкурс "Міс Рыа-дэ-Жанэйра". Каго і што толькі не бачылі трыбуны гэтай арэны. Аднак запомняць сцены стадыёна і дваццацігадовага беларуса.

Ён прымусіў усю планету, прынамсі тых, хто сачыў за баталіямі батутыстаў, пачуць гімн нашай роднай сінявокай і чарговы раз пераканацца ў тым, што мы спартыўная дзяржава. Прынамсі, Кітаю ў гэтым сумнявацца не прыходзіцца. Чэмпіён Гульняў у Лондане, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Афінах у гэтай жа дысцыпліне прадстаўнік Паднябеснай Дун Дун напярэдадні, быўшы фаварытам, застаўся другім. Яго грозны суайчыннік Гаа Лей трэці. Дваццацігадовы беларус - трыумфатар Алімпіяды ў Рыа.

Ужо пасля ўсведамлення моманту ён рэзюмуе: выйграў у сапернікаў дзякуючы таму, што перавісеў апанентаў.

Ганна Гарчанок, дзяўчына Уладзіслава, напярэдадні завяршыла выступленне ў фінале гэтай жа дысцыпліны на восьмай пазіцыі, дапусціўшы грубую памылку. Сёння, прызнаецца, хвалявалася яшчэ больш.

А вось эмоцыі галоўнага трэнера зборнай Вольгі Уласавай улягуцца мінімум заўтра. Перажыўшы падзенне Гарчанок, нетраплянне на п'едэстал Таццяны Пятрэні і золата Уладзіслава Ганчарова, настаўніца адразу ж адправілася ў гатэль адпачываць, так і не абмеркаваўшы з намі прыемныя імгненні трыумфу яе выхаванца.

Уладзіслаў вось ужо два гады з'яўляецца стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Дарэчы, 15 тысяч беларускіх рублёў, якія выдзеліла дзяржаўнае грамадскае аб'яднанне ў рамках праекта "Алімпійскі выбар", Уладзіслаў накіраваў у родную віцебскую СДЮШАР №1. А мы давайце атрымліваць асалоду ад такіх прыемных сэрцу імгненняў - трыумфу беларуса.