Золата і бронза ў беларускіх фрыстайлістаў на этапе Кубка свету ў Маскве

16 февраля 2020
Учора мы сталі сведкамі таго, ад чаго адвыкнуць ужо нельга! Беларускія фрыстайлісты зноў перамагаюць,  і краіна павінна ведаць сваіх герояў. На 4-м этапе Кубка свету ў Маскве, які традыцыйна прайшоў на Вараб'ёвых горах, у дысцыпліне "лыжная акрабатыка" ў жанчын роўных не было алімпійскай чэмпіёнцы Пхёнчхана  Ганне Гуськовай -  вельмі рады, што яна вяртаецца ў строй. У суперфінале беларуска выканала трайное сальта, за што і атрымала самую высокую суму балаў. Для Гуськовай гэта першая ўзнагарода ў сезоне. Увесь мінулы год Ганна прапускала - аднаўлялася пасля траўм.

Услед за жанчынамі на схіл выйшлі прадстаўнікі моцнага полу. І тут прадстаўнік Беларусі паказаў годны вынік! Павел Дзік падняўся на трэцюю прыступку  ўпершыню ў кар'еры на этапе Кубка свету. Ён зарабіў ледзь больш як 112 балаў.

А, нягледзячы на тое, што з-за траўмы Аляксандра Раманоўская прапусціла этап Кубка свету ў Маскве, яна па-ранейшаму лідар агульнага заліку ў лыжнай акрабатыцы. Ганна Гуськова ж пасля сваёй перамогі паднялася на чацвёртую пазіцыю рэйтынгу.

Адразу пасля Масквы лепшыя лыжныя акрабаты збяруцца ў Мінску. 22 лютага (зноў жа,  у гасцінных Раўбічах) адбудзецца чарговы этап Кубка свету.