Золата Арцёма Коласава на гульнях у Буэнас-Айрэсе - самая абмяркоўваемая навіна ў Наваполацку

8 октября 2018

Золата Арцёма Коласава на трэціх юнацкіх гульнях у Буэнас-Айрэсе - самая абмяркоўваемая навіна ў Наваполацку.

З 2014 года дзюдаіст з'яўляецца выхаванцам Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. У перамогу Арцёма верылі і спартсмены, і трэнеры: яны ў ліку першых праз Інтэрнэт павіншавалі Арцёма з заслужаным медалём. Паводле слоў асабістага трэнера Арцёма Вольгі Рагаўцовай, да гэтай перамогі дзюдаіст ішоў з усёй упартасцю, праяўляючы сапраўдны спартыўны характар.

Вольга Рагаўцова, трэнер Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву: "Цэлы год для яго быў вельмі цяжкі. Перад гэтым ён выйграў першынство Еўропы сярод кадэтаў. Гэта вельмі моцны вынік. Такі мэтанакіраваны, сказаў трэнеру, рабіце са мной усё, што хочаце! Я ўсё буду выконваць. Так і атрымалася".

Самыя адданыя балельшчыкі Арцёма - бацькі. Дома - у Магілёве - яны працягваюць прымаць віншаванні ад родных, знаёмых і сяброў. У тым ліку ў сацыяльных сетках. Сям'я Коласавых - шматдзетная: бацькі выхоўваюць чацвярых дзяцей. Усе вельмі ганарацца поспехам Арцёма.

Дарэчы, любоў да дзюдо прывіў Арцёму Коласаву старэйшы брат. А вось малодшы, Леанід, ужо пайшоў па слядах самога Арцёма. Яму перайшло па спадчыне і яго кімано.