"Залатая шайба" пакарылася "Грыфонам"

17 марта 2016

У дэрбі каманда з Цэнтральнага раёна Мінска перайграла пераможцаў мінулага года - хакеістаў "Беркута" і выйграла трафей у малодшай узроставай групе дывізіёна А. Юбілейны, дваццаты па ліку турнір запомніцца багаццем закінутых шайбаў. І, як і папярэднія спаборніцтвы, адкрые некаторым юным хакеістам дарогу ў вялікі спорт. На лёдзе малой арэны ў Чыжоўцы на працягу чатырох дзён панаваў недзіцячы запал - прыгожыя камбінацыі, эфектныя кідкі і мора эмоцый. Пра пераможцаў і тых, хто ўжо рыхтуецца даць бой "Грыфонам" у наступным годзе, рэпартаж Алены Гарэльчык.

"Грыфоны" супраць "Беркута". Цэнтральны раён сталіцы кідае выклік Фрунзенскаму. У фінале гарадской "Залатой шайбы" гулялі тыя ж.

У вырашальны паядынак і "Грыфоны", і "Беркут" прабіліся са стапрацэнтным паказчыкам. На шляху ў фінал былі абгуляныя лепшыя каманды з абласцей. Першы тайм. "Беркут" прапускае тройчы, вароты праціўніка так і не распячатаныя. Трэнер каманды Фрунзенскага раёна знаходзіць, што сказаць сваім хлопцам.

Трэнера хлопцы слухаюць ва ўсе вушы. У марах яны ўжо бачаць сябе ў форме лепшых прафесійных клубаў або ў складзе зборнай сваёй краіны. "Залатая шайба" дае магчымасць акунуцца ў эмоцыі спаборніцтваў і прымушае гэтых пакуль летуценнікаў рабіць высновы, як дасягнуць пастаўленых мэтаў. "Залатая шайба" фарміруе характар.

У трэцім перыядзе "Грыфоны" закінулі яшчэ раз. Фінальны свісток суддзі зафіксаваў пераможныя 4:0. Эмоцыі пераможцаў і радасць пераможаных за тое, што змагаліся да канца, і за тых, хто сапернік толькі на лёдзе, а за бортам - добры таварыш.

"Залатая шайба" - гэта штосьці большае, чым проста хакейны турнір. Для камандаў з рэгіёнаў, напрыклад, гэта магчымасць пазнаёміцца са сталіцай. Такім шанцам, дарэчы, скарысталіся хакеісты з Салігорска. Дарэмна вольны час юныя "гарнякі" не марнавалі.

Па выніках турніру была сфарміраваная сімвалічная пяцёрка і вызначаныя лепшыя хакеісты па амплуа. Два асабістыя прызы дасталіся салігорскаму "Шахцёру". Лепшым абаронцам быў названы Міхаіл Стрэльнікаў, а нападаючым - Васіль Мецялёў. Мікалай Лукашэнка з "Грыфонаў" стаў лепшым бамбардзірам турніру, а самым надзейным вартавым варот стаў варатар "Беркута" Даніэль Скоў.

"Залатая шайба" падарожнічае па Беларусі. Турнір не абмяжоўваецца сталіцай. Следам за Лідай, напрыклад, спаборніцтвы ў старэйшай узроставай групе прымуць Пружаны - раённы цэнтр, дзе Лядовы палац функцыянуе ўжо некалькі гадоў, а каманды ў абедзвюх узроставых групах нават станавіліся пераможцамі "Залатой шайбы". Дзеці выбіраюць спорт, і не толькі хакей. Сёння гэта не проста словы, а трэнд.