Залатая Даша сагрэла сэрцы мільёнаў беларускіх балельшчыкаў

18 марта 2018

Усё гэта вы ўбачыце зусім хутка. А пачнем мы гэты "Галоўны эфір" з навіны, якая ў гэты сакавіцкі дзень сагрэла сэрцы мільёнаў беларускіх балельшчыкаў і аматараў біятлона!

Дар'я Домрачава, наша залатая Даша, у бліскучым стылі здабыла сваю 32-ю перамогу ў кар'еры на этапах Кубка свету. Чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы сёння не было роўных у гонцы праследавання, якая закрывала спаборніцкую праграму ў жанчын у нарвежскім Халменколене.

З яркай перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гэта была прыгожая, уражлівая, а галоўнае - абнадзейлівая гонка, гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы пажадаў Дар'і гэтак жа ўпэўнена і ярка правесці завяршальныя старты сезона.

Больш перамог, чым у Дар'і Домрачавай, на этапах Кубка свету за ўсю гісторыю толькі ў дзвюх спартсменак, якія, дарэчы, ужо даўно завяршылі кар'еры. У Магдалены Нойнер з Германіі такіх 34, у Магдалены Форсберг са Швецыі - 42. Але ўжо на наступным этапе, які 22 сакавіка стартуе ў Цюмені, біятланістак чакаюць тры асабістыя гонкі, таму ў гэтай спрэчцы Даша можа выйсці на другі радок. Што ж, верым у лепшае, бо чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка з Беларусі ўжо не раз здзіўляла нас, і з нецярпеннем чакаем заключны этап Кубка свету ў сезоне, і разам хварэем за Беларусь!