Зімовыя Алімпійскія гульні. Без медалёў нашы яшчэ не вярталіся

2 февраля 2014

У Ванкуверы 4 гады таму было 3 медалі, у Сочы, у тэорыі, можам разлічваць на столькі ж. Аптымістам нагадаю: 3 - гэта беларускі максімум на зімовых Гульнях, ну, а для скептыкаў такі факт: без медалёў нашы яшчэ не вярталіся.


Спецыяльна для Галоўнага эфіру спартыўны аглядальнік Андрэй Іваноў пра тое, як перамагаюць і чаго гэта варта.


Люты 1994 года. Нарвежскі Лілехамер. 17-я зімовыя Алімпійскія гульні. Урачыстая цырымонія адкрыцця. Арменія, Аўстралія… Металічны голас, аб'явіўшы каманду Зялёнага кантынента змаўкае… але ўжо праз некалькі секунд дае дабро на выхад спартсменам з краіны, якая раней не выступала самастойнай зборнай на такім узроўні.


Тады ў Беларусі было не да спорту. Каманду збіралі з таго, што засталося пасля развалу СССР. Практычна ва ўсіх спартсменаў былі праблемы з фінансаваннем - як вынік перадалімпійская падрыхтоўка выдалася скамечанай. У Нарвегію ехалі нават не ведаючы, чаго чакаць ад сваёй амуніцыі. Святлана Парамыгіна, напрыклад, бегла ў лыжах, якія служылі ёй з 1989-га года… Дабегла да срэбра, хоць магла браць яшчэ адзін медаль.


Узяў Ігар Жалязоўскі. У 1988-м, у Калгары ён стаў бронзавым прызёрам, праз 6 гадоў падняцца атрымалася на прыступку вышэйшую. Выступленне ў Лілехамеры так і скончылі з двума медалямі. Яны, гэтыя 2 срэбры, яшчэ доўга будуць меркай.


Пасля Беларусь была прадстаўленая яшчэ на 4-х зімовых Алімпіядах. 1998 - 2 бронзы, іх заваявалі фрыстайліст Дашчынскі і біятланіст Айдараў.


2002-і - адзін медаль, ізноў бронзавы. Ізноў на п'едэстал узышоў прадстаўнік фрыстайла, гэтым разам Аляксей Грышын.


2006-ы - адзін медаль, срэбра Дашчынскага.


І толькі ў 2010-м, праз 16 гадоў пасля пачатку самастойнага выступлення, зборнай атрымалася ўстанавіць рэкорд па колькасці і якасці алімпійскага металу, 3 медалі. Адзін (золата) у фрыстайле і 2 (срэбра і бронза) у біятлоне. Разам - 9 за 16 гадоў.


У Сочы Беларусь будзе прадстаўленая 26-ю спартсменамі ў пяці відах спорту: лыжных гонках, біятлоне, лыжнай акрабатыцы, шорт-трэку і горных лыжах. Аб'ектыўна медалі могуць прынесці толькі 2 віды: фрыстайл і біятлон. Праўда, калі ў лыжнай акрабатыцы разыгрываюцца ўсяго 2 камплекты, то ў біятлоне - адразу 11. Па сутнасці, пры добрым раскладзе, адзін чалавек можа 6 разоў узысці на п'едэстал: у жанчын, да прыкладу, 4 асабістыя гонкі і 2 эстафеты. Каласальная нагрузка.


Па кілаграме на кожную нагу, яшчэ 3 - 3 з паловай за плячыма. Самая кароткая дыстанцыя ў жанчын - 7 кіламетраў 500 метраў, у мужчын - 10. На асобных адрэзках біятланісты развіваюць хуткасць да 30 кіламетраў за гадзіну, частата пульса ў гэты момант узрастае да 200 удараў за хвіліну.


Агнявая мяжа. Тут галоўнае аднавіць дыханне пасля бегу і зрабіць папраўку на вецер. Да мішэні 50 метраў. Лежучы спартсмен павінен трапіць у акружнасць дыяметрам 45 міліметраў, стоячы - 115. У сярэднім прафесійны біятланіст выстрэльвае да 1200 патронаў за месяц.


Стральба са становішча стоячы - галоўная праблема Дар'і Домрачавай, лідара каманды, спартсменкі, ад якой чакаюць у Сочы больш, чым ад каго. Валодаючы выдатнай хуткасцю, на агнявых межах ёй рэдка атрымліваецца быць ідэальнай.


4 гады таму Аляксей Грышын у перадпачатку Алімпіяды не хадзіў у фаварытах. Тады лідарам быў Антон Кушнір. У выніку адзін перамог, другі не выйшаў у фінал. Тлумачэнне адно: на Алімпіядзе можа адбыцца ўсё, што заўгодна.


Для Грышына гульні ў Сочы стануць 5-мі ў кар'еры. Ён ізноў не значыцца ў лідарах (на этапах Кубка свету было 2 бронзы), але сам толькі рады гэтаму.


Аляксей Грышын, алімпійскі чэмпіён Ванкувера: Я рад, што падыходжу да піку формы як раз да Алімпіяды, таму што, калі б пачаў раней, было б горш, а так я разумею, што пік формы будзе ў Сочы.


Пытанне аб мэтах яму можна было і не задаваць, але ён сам завёў тэму. Яна адна, уласна, як і ў яго калегі Дзмітрыя Дашчынскага або Антона Кушніра.


За 5 дзён да пачатку Гульняў у Сочы назіраецца зацішша… перад бурай. Алімпійская вёска прымае першых пастаяльцаў, горад замёр у чаканні турыстаў, а турысты пакуюць чамаданы. Чамаданаў тут шмат - падбіраючы адзенне, удзельнікам трэба ўлічваць: Алімпіяда ўпершыню праводзіцца ў субтропіках, ва ўзбярэжным кластары плюс 12 градусаў, а ў гарах, дзе спаборнічаюць лыжнікі, - мінус пяць.


Праз 5 дзён свет апынецца ў палоне цудоўнага спартыўнага дзейства, якое ў поўным аб'ёме будзе адлюстраванае ў эфірах Белтэлерадыёкампаніі. Тэлеканалы Беларусь 1, Беларусь 2 і Беларусь 5 пакажуць усё найважнейшае і цікавае.