Жаночая зборная Беларусі па тэнісе - сярэбраны прызёр Кубка Федэрацыі

13 ноября 2017

Наша каманда, якая толькі ў гэтым сезоне дэбютавала ў сусветнай групе, на роўных гуляла з зараз ужо 18-кратнымі ўладальніцамі гэтага трафея - тэнісісткамі са Злучаных Штатаў Амерыкі. І гэта нягледзячы на тое што саперніцы беларусак на галаву вышэйшыя ў сусветным рэйтынгу. Ужо ў лютым нашы дзяўчаты зноў пачнуць барацьбу за трафей. У першым матчы новага розыгрышу беларускі згуляюць з немкамі тут жа, у Мінску. Пакуль жа самыя яркія спартыўныя моманты гэтага ўік-энда.

Лік 1:1 пасля першага гульнявога дня толькі ўзмацніў інтрыгу. Абодва суботнія матчы, як анонс, - у нядзелю будзе цяжка. Прычым абедзвюм зборным. Вядомая ў ЗША журналістка Сэндзі Харвіт (у гэтым сезоне яна працавала на кожным матчы Федкап сваёй каманды) прызнаецца: Сасновіч - сама стабільнасць, Сабаленка - гэта агонь.

У матчы з першым нумарам амерыканскай зборнай і дзясятай ракеткай свету Кока Вандэвеге Арына білася да апошняга. Першы сэт, матчбол, 4:1 на тайбрэйку, потым нешта пайшло не так. Гэтую сустрэчу Сабаленка прайграла, доўга не магла апамятацца. Патрэбныя словы пасля знойдзе капітан каманды Эдуард Дуброў.

Следам на корт выйшлі Аляксандра Сасновіч і Слоан Сцівенс. Насуперак прагнозам, капітан каманды ЗША Кэці Рынальдзі не стала мяняць дзеючую чэмпіёнку US Open, якая пасля гэтага не выйграла ніводнага матча, у тым ліку і супраць нашай Арыны. І Сцівенс нібы паверыла ў сябе. Выйграла ў першым сэце, так, саступіла ў другім, але ў трэцяй партыі вяла 5:2. А пасля здарыўся неверагодны камбек у выкананні Аляксандры Сасновіч.

Вырашальны парны паядынак. Абедзве каманды робяць замены. Эдуард Дуброў ставіць на Сасновіч і Сабаленку. Пасля неверагоднага матча ў Аляксандры было ўсяго паўгадзіны на адпачынак. Амерыканкі ў пару да Вандэвеге выпускаюць Роджэрс. І пачаўся тэніс, як арэлі. У першым сэце ўсё вырашыў адзін брэйк у выкананні гасцей. У другім нашы дзяўчаты нават вялі ў ліку, чагосьці не хапіла.