Жаночая зборная Беларусі па тэнісе ў фінальным раўндзе Кубка Федэрацыі

9 февраля 2020
Жаночая зборная Беларусі па тэнісе пераадолела кваліфікацыю Сусветнай групы Кубка Федэрацыі. Пасля першага дня ў супрацьстаянні Нідэрланды - Беларусь лік быў роўным 1:1. Другое ачко для сваёй каманды прынесла Кікі Бертэнс, якая абгуляла Арыну Сабаленку - 6:4, 6:4.

Пераможца матча мог вызначыцца па выніках сустрэчы Рус - Сасновіч. Аляксандра без шанцаў прайграла першы сэт 0:6. Пасля гэтага Саша і капітан каманды Таццяна Пучак адправіліся пагаварыць у раздзявалку. Аб чым ішла размова - не ведаем, але пасля паўзы Сасновіч знайшла ў сабе сілы і выйграла дзве наступныя партыі - 7:5, 6:2.

На парны матч, перад якім лік у супрацьстаянні стаў ужо 2:2, першапачаткова былі заяўленыя Гаварцова і Марозава. Аднак трэнерскі штаб зрабіў замену. На корт ізноў выйшлі Сасновіч і Сабаленка супраць мясцовага тандэма Бертэнс - Схюрс і ў займальным паядынку абгулялі саперніц 4:6, 6:3, 7:6.