Жаночая зборная Беларусі па баскетболе атрымала перамогу на чэмпіянаце свету

29 сентября 2014

Па сапраўднаму горача ва ўсіх сэнсах - напярэдадні было ў Турцыі. Жаночая зборная Беларусі па баскетболе атрымала валявую перамогу на чэмпіянаце свету. У апанентах значылася Куба, і развіццё падзей на паркеце не прадвяшчала нічога добрага. Зрэшты, дадзены топ-турнір першапачаткова абяцаў стаць самым складаным. Але, нягледзячы на ўсе нюансы, нашы дзяўчаты перамаглі ў двух матчах і выйшлі ў раўнд плэй-оф.


Расказвае Андрэй Іваноў.


У гэтай камандзе дзіўным чынам спалучаюцца дзве рэчы: уменне дэманстраваць стабільна высокія вынікі і нежаданне літаваць нервовую сістэму балельшчыкаў.


Нядзельны паядынак чэмпіянату свету ў Турцыі з Кубай не складаўся першапачаткова: дзяўчаты загналі сябе ў сітуацыю, калі перамагчы, здавалася, было немагчыма.


Чэмпіянат свету ў Турцыі для зборнай - 7-мы топ-турнір за 8 гадоў. Большай стабільнасцю сярод гульнявікоў ніхто пахваліцца не можа. Зрэшты, менавіта гэты чэмпіянат першапачаткова абяцаў найбольшыя праблемы.


Адразу 5 чалавек знаходзяцца водпуску па доглядзе за дзіцем. Марына Крэс, якая аддала паўжыцця зборнай, нарадзіла каля месяца назад. Таму назіраючы за гульнёй па тэлевізары, выпрабоўвала дваякія пачуцці.


Чацвёртая чвэрць, да канца матча каля 7 хвілін. Зборная прайгравае 54:63. У кубінак у кошык залятае практычна ўсё, нашы ж грашаць стратамі і непадрыхтаванымі кідкамі. Грыгас бярэ апошні тайм-аўт. Гаворыць гучна, заклікаючы актыўней абараняцца.


У прафесійным спорце адыграць такі вялікі зачын, да гэтага саступаючы на працягу ўсяго матча, практычна не рэальна. Тут, вядома, скідку можна зрабіць на тое, што на паркеце знаходзіліся жанчыны, і ў іх наогул усё непрадказальна.


Зрэшты, гэта зусім не ключавы фактар. Хоць без долі шанцавання не абышлося.


Яны ўключылі прэсінг і прымусілі кубінак памыляцца. А яшчэ не завагаліся ў канцоўцы. Упэўненасці дадало вось гэтае неверагоднае пападанне Надзеі Дрозд.


А здабыла пуцёўку ў плэй-оф Кацярына Сныціна.


Неверагодная перамога, якая дадала прыхільнікам гульні трохі сівых валасоў. Але менавіта за гэта і любяць спорт. 70:69, мы ўжо ў накаўт-раўндзе.