Тут робяць не проста спартсменаў, а сапраўдных чэмпіёнаў

21 января 2015

Акадэмія Aspire ў Катары вядомая ва ўсім свеце сваім незвычайным падыходам у выхаванні вучняў. Самая буйная школа для спартсменаў уражвае не толькі маштабамі, але і частай прысутнасцю легендарных гасцей. Напярэдадні тут гулялі футбалісты мюнхенскай "Баварыі". А на адкрыццё прыляцелі Марадона і Пеле. З берагоў Персідскага заліва рэпартаж Андрэя Іванова.

Яе пабудавалі за 20 месяцаў, працавалі 24 гадзіны за суткі 7 дзён на тыдзень. Яшчэ праз некаторы час тут жа з'явіўся самы высокі будынак у горадзе - гатэль "Факел", які відаць практычна з любога пункта Дохі. Побач узводзяць другі па значнасці стадыён чэмпіянату свету 2022 года.

40 залаў, 15 футбольных палёў, 14 відаў спорту - акадэмія Aspire ўражвае не толькі маштабамі, але і падыходамі да працы. Зараз тут займаюцца 324 чалавекі, а працуюць з імі 260 трэнераў і спецыялістаў у галіне медыцыны. У нас бы сказалі: дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Тут жа такое ўспрымаецца абсалютна нармальна.

Усю сутнасць акадэміі перадае скульптура, якую ўсталявалі ля галоўнага ўваходу: рукі, што цягнуцца па медаль. Па задумцы аўтара кампазіцыя павінна аказваць псіхалагічнае ўздзеянне на кожнага, хто ўваходзіць у гэтыя дзверы. Матывацыя - вось чаго так не хапае мясцовым.

Аіша Мары Фонтэ, менеджар аддзела арганізацыі пратакольных мерапрыемстваў: "ПСЖ, "Шальке", тры дні таму тут знаходзілася мюнхенская "Баварыя", праводзіла таварыскія матчы. Сюды ж прыязджалі Ліянель Месі, Ранальдынья, Рауль гуляў у Катары. Нашы выхаванцы павінны разумець, што дасць ім спорт. Гэта важная частка падрыхтоўчай праграмы - магчымасць паназіраць за трэніровачным працэсам прафесіяналаў, легендарных спартсменаў".

Растлумачыць дзіцяці, у якога ёсць усё, што яму трэба ісці і працаваць на полі ці ў басейне, няпроста. Катарцаў па пашпарце ўсяго каля 230 тысяч, і дзякуючы вялізным запасам газу і нафты ўсе жывуць у дастатку, таму трэніравацца да сёмага поту дзеля медаля абсалютнай большасці нецікава. Тут лепей за ўсё дапамагаюць наглядныя прыклады ад вядомых спартсменаў.

Крыс Эрл, спартыўны дырэктар акадэміі Aspire, Катар: "У нас да кожнага выхаванца індывідуальны падыход, некалькіх трэнераў могуць рыхтаваць аднаго спартсмена. А з улікам перадавых тэхналогій больш прафесійныя метады трэба яшчэ пашукаць! Бацькі абсалютна спакойныя за сваіх дзяцей, яны заўсёды пад кантролем самых кваліфікаваных спецыялістаў".

Філіялы акадэміі Aspire адкрытыя ў шаснаццаці краінах свету, расказваюць беларускай дэлегацыі на чале з Уладзімірам Канаплёвым. Скаўты штогод праглядваюць каля 500 тысяч юных спартсменаў з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Праўда, калі будзе вынік, гэта пытанне. Катар - пастаянны ўдзельнік летніх Алімпійскіх гульняў з 1984 года, пакуль у актыве ўсяго 4 бронзавыя медалі.

Цяплічныя ўмовы не заўсёды спрыяюць выніку. Спартсмену патрэбнае канкурэнтнае асяроддзе.