Заўтра стартуе XVI Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі

2 января 2020
Другой дзень новага года, краіна працягвае святкаваць. І хоць заўтра ўжо рабочыя будні, да наступных выхадных рукой падаць. Зрэшты, для шматлікіх, а менавіта - спартыўных балельшчыкаў, свята не заканчваецца, бо на старце Калядны турнір. Традыцыя даўняя. А гэта ўжо 16-я сустрэча аматараў хакея, і ў народзе па праве атрымала статус неафіцыйнага чэмпіянату. 

Сёлета за перамогу будуць змагацца 12 зборных, якія разбітыя на 4 групы. Матчы пройдуць на пляцоўках на "Чыжоўка-Арэне". Першымі ў беларускую сталіцу прыбылі хакеісты з Кітая - яшчэ да Новага года.  Сёння ж сустракалі астатніх удзельнікаў, у тым ліку прадстаўнікоў з ЗША - гэта дэбютанты Каляднага турніру і сапернікі нашай каманды па групавым раўндзе. Шматлікія паспелі правесці і першыя трэніроўкі. 

Уражанні і эмоцыі гасцей сабрала Крысціна Камыш.  Гэта найпрыгажэйшая шайба ад Стыва Каспера. Ён выступаў у НХЛ 13 гадоў. Феерыў у "Бостан Бруінз". Браў "Селкі Трофі", што ўручаецца лепшаму форварду абарончага плана. Зараз жа канадзец трэніруе кітайскі "Кунь-Лунь Рэд Стар". І дзеля Каляднага турніру Каспер пакінуў каманду КХЛ на тыдзень. 

У нацыянальным аэрапорце сёння ўвесь дзень дзяжурылі журналісты. Бо прапусціць хакеіста з мінулым алімпійскім або НХЛьным не хочацца нікому з рэпарцёраў. Першай рэйсам з Абу-Дабі ў Беларусь прыляцела каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.

Мубарак Аль-Мазруі, форвард каманды ААЭ па хакеі: "Асабіста для мяне гэта першы візіт у Беларусь. Аднак шматлікія мае сябры і знаёмыя прымалі ўдзел у турніры. І яны ўжо 5 гадоў запар абмяркоўваюць у нас дома гэтыя спаборніцтвы. Таму я чуў пра тое, што тут вельмі моцныя сапернікі, прэстыжныя каманды. Я спадзяюся таксама адкрыць для сябе Беларусь". 

Затым выйшла зборная Швейцарыі. У складзе толькі 9 былых прафесіяналаў з 24 гульцоў. Але "крыжакі" жадаюць пазмагацца. Гэтаму паспрыяе вопыт. Усё ж 12 гадоў выступленняў на Калядным турніры за плячыма ёсць.

Самай прадуманай апынулася зборная Кітая. Каманда з Паднябеснай прыляцела яшчэ 30 снежня. Па-першае, трэніровачны графік застаўся не парушаны. А па-другое, гэта была выдатная магчымасць сустрэць Новы год па-беларуску і пазнаёміцца з нашай нацыянальнай кухняй. Зборныя Балтыі і Балкан, Расія, Украіна, Германія. На  XVI Калядным турніры аматараў хакея зноў 4 групы і 12 каманд.

На цяперашнім Калядным турніры ўпершыню ў гісторыі выступіць зборная ЗША. І, вядома ж, былыя гульцы Нацыянальнай хакейнай лігі ў складзе каманды ёсць. Напрыклад, цэнтрфорвард Джым Слейтэр павінен стаць ударнай сілай дэбютантаў. Ён праславіўся гульнёй за "Вініпег Джэтс". На рахунку форварда 371 матч у НХЛ, 87 шайб і 53 асісты.

Цікава, што зборная ЗША трапіла менавіта ў групу А. Супернічаць дэбютантам прыйдзецца з гаспадарамі турніру - беларусамі і камандай Міжнароднай федэрацыі хакея. У кожным пуле па тры калектывы. І толькі лепшы выйдзе ў паўфінал. 

Расклад гульнявога дня. Старт у 13:00. На вялікі лёд "Чыжоўка-Арэны" выйдуць каманды Украіны і Швейцарыі. Увечары, пасля цырымоніі адкрыцця, два матчы: Беларусь выступіць супраць каманды Міжнароднай федэрацыі хакея. А Германія праэкзаменуе зборную Балтыі.

Паралельна з Калядным турнірам пройдзе фінальны этап "Залатой шайбы". Групавы раўнд у дзяцей прыме "Алімпік-парк". Вырашальныя матчы запланаваныя на "Чыжоўка-Арэне". Пераможцы як у дарослых, так і ў дзяцей вызначацца 7 студзеня.