Закрыццё Алімпіяды глядзіце ў 19:00 на Беларусь 1

23 февраля 2014

Сёлета Дзень абаронцаў Айчыны супаў з закрыццём Алімпійскіх гульняў у Сочы. Падарунак мужчынам зрабіў тэлеканал Беларусь 1. У 15 гадзін пачнецца прамая трансляцыя фіналу хакея: Швецыя пазмагаецца з Канадай. А ў 19:00 на нашым канале глядзіце цырымонію закрыцця Алімпіяды. Дзяржаўны флаг Беларусі панясе трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава.


Усе падрабязнасці заключнага шоу - у Канстанціна Прыдыбайлы. У 19 гадзін па беларускім часе пачнецца цырымонія закрыцця 22 Алімпійскіх гульняў. Шоу пройдзе на стадыёне Фішт, самы танны білет на гэтае мерапрыемства каштаваў крыху больш за мільён беларускіх рублёў і дарагі - 10. Зараз свабодных білетаў у продажы няма. Ужо вядома, што ў гэты вечар для гледачоў і ўдзельнікаў праспявае дзіцячы хор, што прыбыў ў Сочы на знакамітым двухпавярховым цягніку Масква - Адлер. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам шоу закрыцця стаў швейцарэц Даніэль Фінці Паска, Выканаўчым прадзюсарам цырымоніі выступае італьянец Марка Баліч. Ён даўно і паспяхова працуе на Алімпійскіх гульнях. Баліч меў дачыненне да пастаноўкі шоу у Солт-Лейк-Сіці, Турыне і Лондане. Яму прыйдзецца папацець над цырымоніяй адкрыцця летніх Гульняў у Рыа ў 2016 годзе.


Арганізатары ўжо падводзяць вынікі Гульняў, лічбы ўражваюць. У Гульнях прынялі ўдзел 88 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў. Алімпіяду наведалі балельшчыкі з 126 краін свету - больш за 2 мільёны гледачоў. Афіцыйны сайт Алімпійскіх гульняў стаў самым наведвальным спартыўным сайтам у свеце. У пікавыя гадзіны адначасова на ім прысутнічала 150 тысяч чалавек, больш за 130 мільёнаў унікальных наведвальнікаў. Гэта даказвае, што Гульні сталі яшчэ больш папулярнымі сярод моладзі.


Невядомы пакуль лёс спартыўных аб'ектаў. За іх выкарыстанне пасля Алімпіяды разгарнулася сур'ёзная канкурэнтная барацьба. У прыватнасці, гэта тычыцца лядовай арэны Айсберг, якая прымала спаборніцтвы па шорт-трэку і фігурным катанні.


Дзмітрый Козак, намеснік старшыні ўрада Расіі: Айсберг першапачаткова планавалася пераабсталяваць у велатрэк, але ўжо па ходзе Гульняў з'явілася ідэя ператварыць яго ў цэнтр сусветнага лядовага шоу. Гэта лішні раз даказвае, што ні адзін аб'ект не будзе кінуты пасля завяршэння Алімпіяды. Мы хочам стварыць на ім сусветнае лядовае шоу, якое павінна будзе прыцягнуць турыстаў з усяго свету. А калі не атрымаецца, у нас па-ранейшаму застаецца праект велатрэка.


Што тычыцца сённяшняга вячэрняга шоу закрыцця, то стала вядома яго канцэпцыя - Расія вачамі іншаземцаў. Таксама ходзяць чуткі, што гледачы ўбачаць своеасаблівае прывітанне ад алімпійскага Мішкі, таго самога, які паляцеў у неба над Масквой 3 жніўня 1980 года. Сцяг Беларусі на парадзе каманд панясе трохразовая чэмпіёнка Гульняў Дар'я Домрачава. Тэлеканал Беларусь 1 будзе весці прамую трансляцыю цырымоніі закрыцця Алімпіяды. Гульняў, якія сталі самымі паспяховымі ў нашай суверэннай гісторыі.