"Забег сапраўдных мужчын" адбыўся сёння ў Мінску

23 февраля 2017

Сёння незвычайную карціну ля Палаца спорту маглі назіраць жыхары і госці сталіцы. Больш за 700 мужчын з аголеным тулавам, нягледзячы на не зусім цёплае надвор'е, сабраліся ля прыступак комплексу ў чаканні старту спецыфічнага забегу. "Забег сапраўдных мужчын" - такую назву атрымала мерапрыемства. Стартаваўшы ўсе разам, яго ўдзельнікі затым падзяліліся на дзве групы. Адна аддала перавагу дыстанцыі ў кіламетр, другая - 3, 5 кіламетра. На фінішы кожнага спартсмена чакалі памятны медаль і віншаванні ад дзяўчат. У адрозненне ад мужчын жанчыны на дыстанцыю не дапускаліся.

Вадзім Дзевятоўскі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі: "Калі мы арганізавалі такое выдатнае свята бегу для жанчын, мужчыны задалі пытанне - чаму б не зрабіць такі чыста мужчынскі забег і таксама прымеркаваць яго да нейкай даты. Зразумела, што 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны. Калі пачалася рэгістрацыя, было мінус 17-20, людзі ж не ведалі, што будзе праз месяц. Таму мы моцныя духам, мы загартаваныя з усіх бакоў. Таму я думаю, што сёння такі магутны імпульс патрыятызму, здароўя. Паглядзіце, людзі прыходзяць з дзецьмі, малымі дзецьмі".

Вадзім Дзевятоўскі ў кампаніі алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Багдановіча апынуўся сярод удзельнікаў забегу.