У Гомелі і Магілёве пачаліся заключныя гонкі абласнога этапа спаборніцтваў "Снежны снайпер"

22 января 2019

На фінішную прамую выйшлі рэспубліканскія спаборніцтвы "Снежны снайпер" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У двух рэгіёнах пачаліся заключныя гонкі абласнога этапа. Гэта Гомель і Магілёў. За пуцёўку ў фінал  там змагаюцца больш за 300 лыжнікаў ва ўзросце ад 11 да 14 гадоў. Выніковыя гонкі адбудуцца ў Раўбічах. За ходам спартыўных баталій  сочыць Ганна Кавалёва.

У апошнія хвіліны перад стартам праверыць экіпіроўку, атрымаць парады трэнераў і пажаданні сяброў. Ульяне Ярмоленцы 12 гадоў. Палову з іх аддадзена біятлону. На "Снежны снайпер" прыехала трэці раз. Дагэтуль двойчы ўдавалася аказацца ў пяцёрцы лепшых у краіне. Сёлета яна сямейным падрадам  разам з братам Дзянісам.

Дзяніс Ярмоленка, удзельнік абласнога этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер" (Рагачоў): "Добрыя выхавальнікі і трэнеры. Але самыя выдатныя для мяне бацькі. Мама мая займалася веславаннем, удзельнічала ў Алімпійскіх гульнях, тата таксама займаўся веславаннем і цяжкай атлетыкай. Яны з'яўляюцца для мяне трэнерамі. Я вельмі ўпарта рыхтаваўся. Прыйшоў сюды з пераможным настроем, каб перамагчы".

Для гэтага, дарэчы, трэба паказаць лепшы вынік у змяшанай эстафеце. Яна традыцыйна замыкае абласныя спаборніцтвы. Сёння ў Гомель на яе з'ехаліся школьнікі з 10 гарадоў рэгіёна.

Спаборніцтвы ідуць у трох узроставых катэгорыях. У першай з іх наперадзе дыстанцыя 1 800 метраў. У старэйшай -  3 кіламетры і два агнявыя рубяжы.

Аднак трапіць у цэль сёння не так проста. Тэмпература паветра і хуткасць ветру прымальныя, а вось з ападкамі нябесная канцылярыя перабрала. З-за моцнага снегападу бачнасць не лепшая.

У цэлым на лыжы сёння ў Гомелі ўсталі амаль 120 юных біятланістаў.

На старт змяшанай эстафеты сёння выйшлі і ў Магілёве. Там пуцёўку ў фінал аспрэчвалі звыш 200 лепшых лыжнікаў рэгіёна. Каардынатарамі нярэдка выступаюць сусветныя зоркі спорту. Сяргей Новікаў - адзін з іх. Ён прынёс Беларусі сярэбраны медаль Алімпійскіх гульняў 2010 года ў індывідуальнай гонцы.

"Снежны снайпер" сёння самы прамы шлях у прафесійны спорт. Менавіта тут можна заявіць аб сабе на ўсю краіну і нават даказаць, што годны стаць часткай нацыянальнай зборнай краіны.

Юрый Сачыўка, галоўны суддзя абласнога этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў "Снежны снайпер": "Вочы гараць у дзетак, таму што на гэтых спаборніцтвах у першую чаргу мы шукаем зорачак для нашага беларускага біятлона. Але самая галоўная задача - гэта здаровы лад жыцця, адцягненне дзяцей ад камп'ютара, ад тэлевізара, захапленне іх  фізкультурнай дзейнасцю".

І гэта ўдаецца. Папулярнасць біятлона, напрыклад, у Гомельскай вобласці расце. Каб падвоіць тэндэнцыю, сёлета тут пабудуюць найноўшую лыжаролерную трасу і спецыяльны цір. А пакуль будучыня беларускага біятлона і ў Гомелі, і ў Магілёве спяшаецца да фінішу, каб ужо ў лютым у складзе рэгіянальных зборных сустрэцца ў Мінску на фінале самай маштабнай дзіцяча-юнацкай гонкі краіны.