Юрый Голуб прыносіць Беларусі другое золата Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане

13 марта 2018

Другое золата Беларусі Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. Сёння медаль вышэйшай пробы ў біятлоннай гонцы на 12 з паловай кіламетраў у спартсменаў з парушэннямі зроку заваяваў наш Юрый Голуб. З перамогай беларуса павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Нашы паралімпійцы сваімі вынікамі паказалі, што могуць паспяхова выступаць і ў біятлоне, і ў лыжных гонках, бо напярэдадні Юрый выйграў серабро менавіта ў спаборніцтве лыжнікаў. Усяго на рахунку гэтага спартсмена ўжо тры ўзнагароды Гульняў у Пхёнчхане - дзве сярэбраныя і адна залатая.

І сёння сваю ўзнагароду вышэйшай пробы, заваяваную напярэдадні ў лыжнай гонцы на 15 кіламетраў вольным стылем, атрымала наша Святлана Саханенка. Побач са спартсменкай на п‘едэстале (як і ў самой гонцы) быў яе лідар Раман Яшчанка.

У медальным заліку зборная Беларусі з сямю ўзнагародамі займае 8-е месца. Паралімпійскія гульні для нашай каманды заўтра прадоўжацца спаборніцтвамі ў лыжным спрынце як у мужчын, так і ў жанчын.