Юрый Голуб прынёс другое золата Беларусі на Паралімпіядзе

13 марта 2018

Пасля двух сярэбраных стартаў у Пхёнчхане Юрый Голуб у біятлоннай гонцы на 12 з паловай кіламетраў дабіўся найвышэйшага выніку ў сваёй кар'еры.

Юрыя Голуба павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэты поспех далёка не мяжа спартыўных амбіцый маладога спартсмена з Глуска і яго яшчэ не раз убачаць на п'едэстале гонару. Сам чэмпіён прызнаўся, што перамогу ён прадчуваў, як толькі ўбачыў свой стартавы нумар.

Чакаць доўга свой заслужаны залаты медаль Юрыю Голубу не давялося. Узнагароджанне прайшло практычна адразу пасля заканчэння спаборніцтваў. Побач са спартсменам на п'едэстале, як і ў самой гонцы, быў яго лідар Дзмітрый Будзіловіч, які і дапамагаў Юрыю арыентавацца на дыстанцыі.

У медальным заліку зборная Беларусі з 7 узнагародамі займае 8 месца. Паралімпійскія гульні для нашай каманды працягнуцца. Заўтра мужчынскі і жаночы лыжныя спрынты.