Юніёрскі чэмпіянату свету па біятлоне набліжаецца да завяршэння

23 февраля 2015

Эстафетнай гонкай дзяўчат спаборніцкі дзень чэмпіянату свету ў "Раўбічах" не абмежаваўся. У гэтай жа дысцыпліне выступалі і юнакі. Тут, праўда, для нашых спартсменаў усё склалася не так удала. Шанец папоўніць медальную скарбонку ў беларусаў яшчэ будзе. Заўтра - заключны дзень спаборніцтваў, ну а адказ на пытанне, хто яны, новаспечаныя чэмпіёнкі свету з Беларусі, у рэпартажы Паўла Капуцкага.

Першая дзяўчына-біятланістка вельмі падобная на Домрачаву знешне, але ўпэўненая, што для поспеху ў спартыўнай кар'еры гэтага мала.

Другая справілася з сур'ёзнымі праблемамі падчас стральбы стоячы.

Трэцяя напярэдадні замест медаля ў гонцы праследавання атрымала дзесяць хвілін штрафу за стральбу не па сваёй мішэні.

Дзінара Алімбекава - горад Чавусы, Магілёўская вобласць. Ганна Сола - гарадскі пасёлак Шуміліна, Віцебская вобласць. Дар'я Блашко - горад Наваполацк. Таксама паўночны рэгіён. Разам - яны чэмпіёнкі свету ў эстафеце. Упершыню ў гісторыі беларускага спорту наша каманда дзяўчат стала лепшай на планеце ў гэтай дысцыпліне. Апярэдзіўшы на чвэрць хвіліны традыцыйна моцную каманду Расіі.

З перамогай малодшых калегаў праз "Твітар" павіншавала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава. "Малыя нашы - красуні! Новаспечаныя чэмпіёнкі свету сярод дзяўчат па біятлоне ў эстафетнай гонцы. Віншуем!" - напісала Домрачава.

Такой моцнай каманды дзяўчат у Беларусі не было яшчэ ніколі, гавораць біятлонныя эксперты. Дзінара Алімбекава, Ганна Сола, Дар'я Блашко - усе тры маладыя спартсменкі могуць прабіцца ў дарослую каманду. Ну а там і Кубак свету, і Алімпійскія гульні. Шлях, вядома, не з лёгкіх, але біятлонная траса яшчэ нікому проста так не пакаралася.

Нашым юнакам, напрыклад, так і не пакарылася. Пры нядрэннай хуткасці на лыжні ў эстафеце нас ізноў падвяла стральба. Усё перакрэсліў штрафны круг Рамана Шынкевіча на заключнай стральбе апошняга рубяжа. Сёмае месца. Перамагла каманда Расіі.

У медальным заліку з дзесяццю медалямі лідзіруе Расія. У Беларусі - дзве залатыя ўзнагароды (першую ў спрынтарскай гонцы заваявала Дар'я Блашко) - і пятае месца. Чэмпіянат завершыцца заўтра дзвюма гонкамі. У дзесяць раніцы эстафету пабягуць юніёркі. У 13:30 - юніёры. Прамыя трансляцыі - на "Беларусь 5". Спартсменам застаецца зрабіць адзін рывок. Таксама, як і арганізатарам.

Віктар Майгураў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза біятланістаў: "Стадыён яшчэ раз зарэкамендаваў сябе максімальна зручным для спартсменаў, вельмі прыемна, што на кожную гонку трыбуны былі запоўненыя, учора нават перапоўненыя. Гэта вельмі радуе. Траса захавалася ў ідэальным стане. Спадзяюся, што заўтрашні дзень пройдзе пад гэтай жа маркай".