Юніёрская зборная Беларусі заняла 5 месца на чэмпіянаце свету па хакеі

28 апреля 2019
Самую цікавую спартыўную падзею тыдня можна азагаловіць як "За імі будучыня!". Наймацнейшая нацыянальная каманда Беларусі па хакеі прама зараз - гэта юніёрская зборная! Гульцы да 18 гадоў не падвялі на чэмпіянаце свету ў элітным дывізіёне. Прычым, да пачатку планетарнага форуму нашых хакеістаў разглядалі як барцоў за захаванне прапіскі. Але пасля дзвюх сенсацыйных перамог на старце з аднолькавым лікам 4:3 над грознымі чэхамі і фінамі нядобразычліўцы сталі нават асцерагацца беларускай каманды. Нашы хлопцы прадэманстравалі характар і ў гульні са швейцарцамі. Саступаючы 0:3 нават змаглі павесці 4:3, але ў выніку прайгралі ў авертайме з-за судзейскай памылкі - 4:5. І выхад у чвэрцьфінал з другога месца групы! Нас абышлі толькі канадцы. А ў першым раўндзе плэй-оф калектыў Яўгена Есавулава не змог справіцца з магутнымі расіянамі, саступіўшы без шанцаў - 0:6. 

Няўдалы фініш не павінен вельмі засмучаць. Каманда паўтарыла свой лепшы вынік у гісторыі, заняўшы 5 месца. А галоўнае, што ў Беларусі з'явілася годная змена. Наступны сезон у эліце стане для беларусаў чацвёртым запар. Раней юніёры ніколі не затрымліваліся ў ліку лепшых на гэткі працяглы тэрмін. Дарослай жа камандзе застаецца пажадаць вярнуцца ў лік лепшых зборных свету сёлета. Планетарны форум у першым дывізіёне пройдзе на наступным тыдні ў Казахстане.